Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат Козік дорыць сваім выбарцам прасьціны


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Лідэры датэрміновага галасаваньня на Меншчыне — жыхары Барысаўскага раёну. Тут балятуецца старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, каманда якога заахвочвае людзей да такога галасаваньня падарункамі.

Падарункі ад Леаніда Козіка атрымалі, у прыватнасьці, жыхары барысаўскай вёскі Касьцюкі. Распавядае пэнсіянэрка Еўдакія Ляўша:

(Ляўша: ) “Так, я ўжо прагаласавала два дні таму”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, а за каго вы прагаласавалі?”

(Ляўша: ) “Не сакрэт. За Козіка”.

(Карэспандэнт: ) “Чым спадабаўся вам Леанід Пятровіч?”

(Ляўша: ) “Калі казаць шчыра, то я яго добра ня ведаю. На газэце на малюнку ён нічога сабе. І не малады. І, здаецца, ня дурань”.

(Карэспандэнт: ) “А ці спадабаліся вам падарункі Леаніда Пятровіча?”

(Ляўша: ) “Старым людзям, што ні дай, за тое дзякуй. Старым абы далі гасьцінца. Цукеркі ў Дзень маці загадчыца клюбу давала. Яна езьдзіла па падарункі ў Барысаў”.

Канкурэнт старшыні Фэдэрацыі ў Барысаўскай сельскай акрузе №78 — кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Гарбачоў. Паводле яго, паўсюдна ў акрузе ідзе датэрміновае галасаваньне:

(Гарбачоў: ) “На сёньняшні дзень каля 50% у сельскай мясцовасьці ўжо прагаласавала. Мае давераныя асобы ўзялі інтэрвію ў бабулек па раёне. Яны сказалі, што прыяжджаў Леанід Пятровіч Козік “на джыпах”, дарыў падарункі — прасьціны, накоўдранікі. Бабулькам. І казаў: віншую з Днём маці”.
XS
SM
MD
LG