Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў кампакт-дыск забароненых музыкаў


Галіна Абакунчык, Менск Творчая суполка забароненых гуртоў “Беларуская ўнія музыкаў” выпусьціла супольны кампакт-дыск пад назваю “Бумэранг”. Выхад альбому стаўся магчымым, дзякуючы фінансавай падтрымцы прыхільнікаў беларускіх выканаўцаў. Гэта ёсьць адной з акцыяў у рамках руху салідарнасьці “Рок за свабоду”.

На дыску запісаныя кампазыцыі сямі беларускіх рок-выканаўцаў, забароненых уладамі для тэле- й радыёэфіру за ўдзел у канцэрце на мітынгу апазыцыі з нагоды 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі– паведаміў у інтэрвію Свабодзе лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка.

(Хаменка:) “Гэта праект кампакт-музыкі выканаўцаў, якія забароненыя. Там можна знайсьці й скарочаны варыянт нашага ліста, і храналёгію гэтай забароны”.

Сябры “Беларускай уніі музыкаў” рыхтуюць таксама дыск “Бумэранг-2” з удзелам іншых выканаўцаў, якія падтрымліваюць забароненыя гурты – паведаміў сьпявак Аляксандр Памідораў:

(Памідораў: ) “Ёсьць спадзеў, што дурнота скончыцца, але ня скончыцца нашая супольная праца, бо ў нас ужо сталыя сяброўскія кантакты.”

Неўзабаве “Беларуская ўнія музыкаў” плянуе даць супольны канцэрт.

Нагадаю Творчая суполка “Беларуская унія музыкаў” была створаная ўдзельнікамі папулярных рок-гуртоў і сьпевакоў, такіх як “NRM”, “Нэйра-Дзюбель”, “Палац”, Аляксандр Памідораў, Зьміцер Вайцюшкевіч і іншыя. Усе яны бралі ўдзел у канцэрце, прысьвечаным 10-годзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Луканэнкі, які праводзілі сябры апазыцыйных палітычных партыяў. За ўдзел у гэтай акцыі ўлады забаранілі выкарыстоўваць музыку папулярных выканаўцаў у эфіры дзяржаўнага радыё й тэлебачаньня, а таксама FM-радыёстанцыяў.
XS
SM
MD
LG