Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: “Рэфэрэндум адчыніць шляхі да пажыцьцёвай улады дыктатара”


Сяргей Навумчык, Прага Рада БНР выступіла з заявай, у якой адзначаецца: “Беларускае грамадзтва на Захадзе ўспрыняло з абурэньнем нядаўна ініцыяваны сёньняшнім прэзыдэнтам Беларусі рэфэрэндум, які будзе парушэньнем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і дазволіць нанова балятавацца на пасаду прэзыдэнта той самай асобе пасьля дазволеных Канстытуцыяй двух тэрмінаў.

Досьведы сёлетняй выбарчай кампаніі ў парлямэнт Беларусі яшчэ раз сьведчаць аб жорсткім і цынічна-зьдзеклівым стаўленьні рэжыму да дэмакратычнай апазыцыі і яе кандыдатаў.

Затрыманьне іхніх давераных асобаў, арышт нават афіцыйна выдадзеных улётак, закрыцьцё незалежных выданьняў, цэнзура на тэлебачаньні і ў дзяржаўных газэтах на выступленьні апазыцыянэраў, і многае іншае – яскрава паказваюць, што вынікі выбараў, а значыць і рэфэрэндуму непазьбежна будуць сфальсыфікаваныя. Такі рэфэрэндум адчыніць шляхі да пажыцьцёвай улады дыктатару, які год за годам вядзе Беларусь да канфліктаў з цывілізаваным сьветам, да заняпаду эканомікі і разбурэньня нацыянальнай сьвядомасьці, да катастрафічнага зьніжэньня ўзроўню культуры і свабоды слова.

Абяцаная Лукашэнкам “стабільнасьць” ужо абярнулася стагнацыяй, пастаянным ростам коштаў, зьбядненьнем асноўнай часткі насельніцтва Беларусі.

Таму ўсе мы павінны сказаць гэтаму рэфэрэндуму нашае рашучае НЕ.

Няхай жыве вольная, незалежная і дэмакратычная Беларусь!” – гаворыцца ў Заяве Рады БНР, падпісанай Івонкай Сурвілай.

Гл. таксама:

Адкрыты ліст Старшыні Рады БНР да беларускага народу
XS
SM
MD
LG