Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыты ліст Старшыні Рады БНР да беларускага народу


Ул. інф. Напярэдадні рэфэрэндуму Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвяртаецца да беларускага народа з адкрытым лістом.

Дарагія суродзічы,

Трэйці раз зьвяртаюся да Вас з адкрытым лістом. Раблю гэта таму, што Вы зноў апынуліся пад вялікай пагрозай.

З жахам чытала і слухала гэтымі днямі пра парушэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і беларускага выбарчага закону. Вачам ня верыла, пабачыўшы заяву Аляксандра Лукашэнкі, у якой ён кажа, што тэхналёгія і ўлада дазволяць яму выйграць выбары і зьнішчыць апазыцыю. Ніводзін дыктатар такія антынародныя заявы дасюль сабе не дазволіў.

Людзі кажуць, што кожны народ мае правадыроў, якіх ён заслугоўвае. Няўжо наш народ сапраўды не заслугоўвае лепшага? Няўжо чырвонец, які дыктатар падкідае пэнсіянэрам, ці нават страх перад стратай працы могуць апраўдаць маўчаньне перад такою зьнявагаю кожнага беларуса?

Заўтрашні рэфэрэндум ёсьць нелегальны! Пытаньні ўлады на прэзыдэнцкім узроўні ў Беларусі ня могуць вырашацца шляхам рэфэрэндумаў. З другога боку, сотні парушэньняў уладай выбарчага закону сьведчаць аб тым, што рэзультаты галасаваньня ня будуць праўдзівымі. Гэта значыць, што узурпатар ілжой дасягне сваёй мэты стацца пажыцьцёвым царом над беларускім народам. Дзеля лепшай будучыні нашых дзяцей, дзеля пашаны да самых сябе мы ня маем права здавацца.

Лукашэнка зьбіраецца нішчыць найлепшых сыноў Беларусі, тых што маюць адвагу Вас бараніць! Няўжо Вы ня выступіце ў іх абарону?

Яшчэ час! Скажэце Лукашэнку рашучае НЕ! Ня верце яму, калі ён страшыць Вас Амэрыкай. Не Амэрыка Ваш вораг. Ваш найбольшы вораг –гэта прэзыдэнт, якога Вы дасюль талеравалі, нягледзячы на нянавісьць, якую ён на кожным кроку праяўляе супраць усяго беларускага. Калі вы дасьцё яму ўладу яшчэ на сем гадоў, загіне наш край, а народ страціць назаўсёды сваю чалавечую годнасьць.

Дай Вам Божа сілаў перамагчы зло, пакуль ня позна!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР

16 кастрычніка 2004 году
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG