Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пэтэр Лізэганг: цытаваны БелТА назіральнік акрэдытаваўся ў Менску праз камуністычны інтэрнацыянал і не зьяўляецца назіральнікам АБСЭ


Ул. інф. “Датэрміновае галасаваньне ў Беларусі праходзіць адкрыта і дэмакратычна” – цытуе агенцтва БелТА незалежнага назіральніка зь Нямеччыны Бруно Малаў. Паводле спадара Малаў, сябры нямецкай Партыі дэмакратычнага сацыялізму, на выбарчых участках, у акруговых камісіях і Цэнтарвыбаркаме працуюць вельмі кампэтэнтныя спэцыялісты. Як паведамляе БелТА, Бруно Малаў знаходзіцца ў беларускай сталіцы два дні й наведаў каля дзесятка ўчасткаў. За гэты час, сьцьвярджае ён, не было ніякіх скаргаў ці заўваг на адрас выбаркамаў

Суайчыньнік спадара Малаў Пэтэр Лізэганг, якія зьяўляецца доўгатэрміновым назіральнікам АБСЭ за выбарамі ў Беларусі, не пагаджаецца з падобным меркаваньнем. У інтэрвію беларускай Свабодзе ён заявіў:

(Пэтэр Лізэганг: ) “Ён, Бруно Малаў, не зьяўляецца назіральнікам АБСЭ, а хутчэй за ўсё акрэдытаваўся ў Менску праз камуністычны інтэрнацыянал. Ягоная партыя ПДС – Партыя дэмакратычнага сацыялізму – ёсьць пераемніцай ГДР-аўскай Сацыялістычнай адзінай партыі. Гэта крайне левыя. Не заўсёды гэтыя людзі сымпатызуюць Лукашэнку, аднак ёсьць такія, якія жывуць катэгорыямі 20-гадовай даўніны і перакананыя, што СССР мусіць адрадзіцца, а бэрлінскі мур павінен быць пабудаваны ізноў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы назіраеце за выбарчай кампаніяй больш за месяц і, зразумела, маеце крыху больш уражаньняў…”

(Лізэганг: ) “Што да мяне, то пакуль я не магу шмат гаварыць на гэтую тэму. Я магу сказаць толькі адно: тэхнічна выбары на ўсіх участках арганізаваныя вельмі добра. Пад словам “тэхнічна” я маю на ўвазе тое, што наверсе зроблена вельмі шмат, каб адбылося тое, што мусіць адбыцца. Тое, што ўжо сказаў ваш прэзыдэнт: мы маем дастаткова сілаў, людзей, каб перамагчы. Менавіта так і ёсьць”.
XS
SM
MD
LG