Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine Zeitung”: Лукашэнка ўжо загадзя ведае вынікі


Ул.інф. Лукашэнка ўжо ведае вынікі маючых адбыцца ў нядзелю парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, піша журналіст “Frankfurter Allgemeine” Маркус Вэнэр. “Беларускі кіраўнік добра падрыхтаваўся да 17 кастрычніка – ён ня хоча аддаваць сваю ўладу нікому. Ні цяпер, ні праз два гады, ніколі”. Адначасна вядомы нямецкі аўтар крытыкуе Нямеччыну і Эўразьвяз за тое, што яны зрабілі вельмі малы ўплыў у справе дэмакратызацыі Беларусі.

“Рэфэрэндум быў абвешчаны Лукашэнкам на тле драмы з закладнікамі ў Бэслане. Пралічаныя і многія іншыя моманты. Напярэдадні беларускі лідэр публічна заявіў, што ягоная перамога 17 кастрычніка будзе зруйнавальнай, а ад унутранай і зьнешняй апазыцыі нічога не застанецца”, піша Frankfurter Allgemeine. “Сёньня ў гэтым не сумняецца ніхто”.

“Парлямэнцкія выбары ў Беларусі пачаліся ў аўторак. У арганізаваным галасаваньні ўзялі ўдзел студэнты, салдаты, служачыя. Нэгатыўнае стаўленьне да папярэдніх выбараў з боку АБСЭ на гэты конт было цалкам праігнараванае афіцыйным Менскам”.

Паводле нямецкага выданьня, для таго, каб забясьпечыць кантроль на ўсіх 6 тысячах 619 выбарчых ўчастках наўрад ці дастаткова 22 доўгатэрміновых і 300 кароткатэрміновых назіральнікаў. Дзеля гэтага патрэбныя найменей 1000 назіральнікаў. Так лічыць і адказны прадстаўнік палітычнай дырэкцыі нямецкага МЗС, які ня так даўно наведаў Беларусь.

Назіраць за рэфэрэндумам прадстаўнікі АБСЭ адмаўляюцца, называючы яго нелегітымным. Паводле дасьледаваньня Балтыйскай філіі Цэнтра Gallup, толькі каля 40% беларускага насельніцтва падтрымлівае намер Лукашэнкі балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. 33% беларусаў выступаюць супраць гэтага. Астатняя частка насельніцтва ня вызначылася. Але ж… Дзеля таго, каб правесьці адпаведныя зьмены ў Канстытуцыі, Лукашэнку патрэбныя найменей 50% галасоў.

Нават пры ўдзеле ў рэфэрэндуме 75% выбаршчыкаў, Лукашэнку для дасягненьня адпаведных вынікаў патрэбная падтрымка абсалютна ўсіх тых, хто ня вызначыўся. Гэта пры ўмове, што на галасаваньне пойдуць ўсе да аднаго прыхільнікі Лукашэнкі. Незалежныя дасьледчыкі лічаць гэта малаверагодным. Апазыцыя чакае, што з галасамі абудзецца адпаведная маніпуляцыя. Тым часам, пралукашэнкаўскія дасьледчыкі прагназуюць 70% падтрымкі ў часе рэфэрэндуму.

Як піша далей нямецкае выданьне, чакаць 17 кастрычніка грузінскага сцэнару наіўна. Журналіст Маркус Вэнэр напрыканцы артыкулу крытыкуе пазыцыю Брусэля і Бэрліна ў дачыненьні да Менску. Ён піша, што амэрыканцы паводзяць сабе куды больш рашуча ў гэтым пытаньні. Прыняты Кангрэсам ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” ўтрымлівае тыя прапановы аб падтрымцы палітычнай апазыцыі, якія былі адхіленыя нямецкім Бундэстагам у часе апошніх дэбатаў па Беларусі. Тыя ж амэрыканцы зьбіраюцца фінансаваць у Вільні ЭГУ ў выгнаньні. Нямеччыну, якая мела больш цесныя навуковыя кантакты з ЭГУ, у апошні момант спалохала падобная пэрспэктыва, піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG