Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое датэрміновае галасаваньне і калі яно зьявілася?


Віталь Цыганкоў, Прага Упершыню у масавым парадку датэрміновае галасаваньне было прымененае на рэфэрэндуме 1996 году. Аляксандр Лукашэнка тады падпісаў адмысловы указ, які ўводзіў гэтую працэдуру ў заканадаўства. Цікава, што датэрміновае галасаваньне ў 1996 годзе пачалося за два тыдні да даты рэфэрэндуму. На гэты момант прэзыдэнцкі і парлямэнцкія праекты Канстытуцыі, паміж якімі павінны былі выбіраць грамадзяне Беларусі, яшчэ не былі апублікаваная.

Пасьля рэфэрэндуму працэдуру датэрміновага галасаваньня ўвялі ў заканадаўства аб мясцовых і парлямэнцкіх выбарах.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму, у папярэднім галасаваньні ўзяло ўдзел 14,7% выбаршчыкаў. На мясцовых выбарах 2003 году гэты паказчык быў перакрыты – улады аб’явілі, што ў датэрміновым галасаваньні ўзяло ўдзел 20,7%.

Часам улады спасылаюцца на міжнародны досьвед – але ў тых краінах, дзе існуе працэдура датэрміновага галасаваньня, для яго патрабуюцца сур’ёзныя падставы. У многіх краінах выбаршчык павінен дакумэнтальна даказаць, што ён ня можа прысутнічаць на сваім участку ў дзень галасаваньня. Таму на Захадзе колькасьць прагаласаваўшых датэрмінова не перавышае звычайна 1-3%. У Беларусі ніякіх падставаў для датэрміновага галасаваньня ад выбаршчыка не патрабуецца, больш таго, улады фактычна прымушаюць галасаваць датэрмінова.

Назіральнікі сьцьвярджаюць, што менавіта падчас датэрміновага галасаваньня зьяўляецца найбольш падставаў для парушэньняў. Немагчыма прасачыць, што адбываецца са скрынкай для галасаваньня цягам 5 дзён і начэй папярэдняга галасаваньня. На ранейшых беларускіх выбарах, паводле сьведчаньняў назіральнікаў, часта ўначы напярэдадні галасаваньня зьмесьціва выбарчых скрыняў падмянялася, пра што сьведчылі новыя плёмбы альбо новыя палоскі паперы, якімі яны запячатваліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG