Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-акцыя БРСМ: бруд чысьцяць флудам


Юлія Шарова, Менск Напярэдадні рэфэрэндуму БРСМ зладзіла акцыю “Ачысьцім інтэрнэт ад бруду”. На інтэрнэт-форумах, у паасобку партала TUT.by адна за адной зьяўляюцца галінкі, на якіх актывісты арганізацыі агітуюць удзельнікаў дыскусіяў галасаваць на рэфэрэндуме за зьмену канстытуцыі.

У разьдзеле “Палітыка” на форумах TUT.by можна налічыць ці не зь дзясятак такіх галінах, на якіх сябры БРСМ заклікаюць ісьці на датэрміновае галасаваньне ды аддаць свой голас за “стабільную й квітнеючую Беларусь”. Яны цьвердзяць, быццам Лукашэнку крытыкуюць адны толькі няўдачнікі, што БРСМ сам на сябе зарабляе грошы ды пакідаюць шэраг іншых прапагандысцкіх лёзунгаў.

Большасьць постынгаў удзельнікаў акцыі адрозьніваецца неверагоднай колькасьцю артаграфічных памылак ды невялікай зьмястоўнасьцю выказваньняў. Часам у іхных паведамленьнях сустракаюцца нецэнзурныя выразы ды адкрытыя абразы на адрас іншых удзельнікаў, якія не падзяляюць меркаваньне БРСМ.

Звычайна гэткая актыўнасьць у практыцы інтэрнэт-форумаў называецца “флудам” ды абмяжоўваецца мадэратарамі. Адміністратар форумаў TUT.by Сяргей Павалішаў, аднак, ня лічыць, што БРСМ парушае нейкія нормы паводзінаў.

(Павалішаў: ) “Народ павінен гутарыць у межах прыстойнасьці, вось і ўсё. Гэта асноўная палітыка партыі. Я папросту не разумею прэтэнзіяў. Няўжо той жа БРСМ ня можа стварыць нейкі форум у сваю падтрымку?”

Адна са сталых удзельніц форумаў TUT.by Надзея лічыць, што пакуль чальцы саюзу робяць сабе хутчэй антырэкляму.

(Надзея: ) “TUT.by – найбольш папулярны форум у Беларусі. Кожны можа выказацца. Я так разумею, яны хацелі сказаць сваё альтэрнатыўнае слова, але гэта ў іх атрымоўваецца вельмі й вельмі няўдала”.

Як гаворыцца ў паведамленьні БРСМ з нагоды акцыі, ейныя чальцы штодня па чатыры гадзіны бавяць ва ўсясьветным сеціве ды выкладаюць пазыцыю сваёй арганізацыі па абшарах беларускага сеціва – Байнэту. Фінансуецца акцыя са сродкаў самога Саюзу, то бок дзяржавы.
XS
SM
MD
LG