Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастоўскай выбарчай акрузе ўлады таксама прымушаюць выбарцаў галасаваць датэрмінова


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта 15 кастрычніка паведаміў адзін з трох зарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат — прадстаўнік блёку “Маладая Беларусь” 22-гадовы дэпутат Мастоўскага раённага савету Алесь Зарамбюк. Пры гэтым акруговая камісія адмаўляецца паведаміць кандыдату ў дэпутаты колькасьць выбарцаў, якія ўжо прагаласавалі.

Паводле спадара Зарамбюка, улады не саромеюцца ўжываць самыя нецывілізаваныя сродкі для дасягненьня сваёй мэты:

(Зарамбюк: ) “Па ўсіх вёсках ідзе павальны загон людзей на датэрміновае галасаваньне. І таксама па гарадах: і ў Сьвіслачы, і ў Мастах, і ў гарадзкім пасёлку Бераставіцы. Напрыклад, у Мастах галоўны лекар накіраваў усіх супрацоўнікаў шпіталю на датэрміновае галасаваньне, каб яны галасавалі за Белашэўскага”.

Анатоль Белашэўскі — кіраўнік управы ўнутраных справаў Гарадзенскай вобласьці — кандыдат, якому спрыяюць улады. Менавіта плякаты зь ягоным прадстаўленьнем, адрозна ад агітацыі Алеся Зарамбюка і сябра Партыі камуністаў беларускай Уладзімера Пудаўкіна, запоўнілі ўсю акругу. Гаворыць Алесь Зарамбюк:

(Зарамбюк: ) “Мой галоўны апанэнт разам са сваёй улёткай распаўсюджвае праваслаўны і каталічны календары на 2005 год. Яны зробленыя на якаснай паперы, і яны без выходных зьвестак. А ў Выбарчым кодэксе, артыкул 47, напісана, што ня могуць раздавацца такія матэрыялы, бо гэта подкуп выбарцаў. Матэрыялы могуць быць толькі агітацыйнага характару, толькі за дзяржаўныя грошы, толькі з выходнымі зьвесткамі. Тут усё гэта адсутнічае. Я падаў скаргу ва акруговую выбарчую камісію”.
XS
SM
MD
LG