Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Іван Шамякін пахаваны на менскіх Усходніх могілках


Валянціна Аксак, Менск Адбылося разьвітаньне з народным пісьменьнікам Беларусі Іванам Шамякіным. Яго наладзіла ўрадавая камісія на чале зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Дражыным. Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч у камісію ня быў уключаны і разьвітальнага слова на жалобным мітынгу ў Доме афіцэраў яму не далі.

У прызначаны на 10.30 пачатак разьвітаньня на вуліцы людзей не было. Ля труны народнага пісьменьніка былі толькі родныя і блізкія, калегі й шчырыя прыхільнікі ягонага таленту.

(Спадарыня: ) “У доме ў мяне ёсьць кнігі Шамякіна. Я знаёмая зь яго творамі й заўсёды, калі па радыё ён выступаў, слухала. Было што пачуць”, — сказала спадарыня паважнага веку. Яе сяброўка дадала:

(Спадарыня: ) “Я яго са школы вельмі любіла, у Дом літаратара хадзіла на ўсе вечарыны, шмат чытала пра яго — і ўсё пакінула і прыйшла, каб зь ім разьвітацца…”

Афіцыйнае разьвітаньне пачалося значна пазьней за прызначаны час. Калі вайскоўцы пачалі прапускаць людзей, то сталі зразумелыя прычыны затрымкі цырымоніі й пасьпешлівага (на другі, а не на трэці, як зазвычаена, дзень) пахаваньня. Паўз труну ў атачэньні вайскоўцаў праходзілі арганізаваныя групы школьнікаў і студэнтаў, якіх, як сказаў потым старшыня камісіі Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец, былі дзясяткі тысяч. Вось як такую арганізацыю цырымоніі ўрадавай камісіяй ўспрынялі прысутныя:

(Спадарыня: ) “Празь дзень — выбары. У суботу дзеці ня вучацца. Мне здаецца, што так склаліся абставіны, што такі сьвяты хрысьціянскі звычай не захаваны. Трэба як бы гэтыя абставіны і зразумець… Я думаю, што ўсё-ткі гэта было зроблена правільна, таму што многія дзеці, можа, зазірнуць у падручнікі, можа, перагартаюць Шамякіна, можа, увогуле зьвернуць увагу на беларускіх пісьменьнікаў”.

Першым на жалобным мітынгу слова меў міністар абароны Леанід Мальцаў, а старшыня камісіі віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын перадаў сям’і нябожчыка пісьмовае спачуваньне ад Аляксандра Лукашэнкі. Сам кіраўнік дзяржавы на разьвітаньне не прыехаў. Старшыні пісьменьніцкай арганізацыі Алесю Пашкевічу слова далі толькі на могілках.Відаць, улада, кажа спадар Пашкевіч, не чытала дзёньнікавае кнігі Шамякіна “На апошнім перагоне”:

(Пашкевіч: ) “У іх ён выявіў сваё адкрытае стаўленьне да грамадзкіх падзеяў у Беларусі ў 1994, 1995, 1996 годзе. Людзі, якія сёньня пры ўладзе, мне здаецца, яны яшчэ не чыталі гэтых дзёньнікаў…”

Пахаваны Іван Шамякін сёньня на менскіх Усходніх могілках.
XS
SM
MD
LG