Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палескай выбарчай акрузе ўлады перашкаджаюць кандыдату ад АГП сустракацца з выбарцамі


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Да таго ж улады распаўсюджваюць небыліцы пра кандыдата ў дэпутаты Мікалая Гаўрыленку.

У вёску Жукі Ельскага раёну Мікалай Гаўрыленка з групаю падтрымкі прыехаў раздаць улёткі й пагутарыць з выбарцамі. Тут яны і напаткалі старшыню Кочышчанскага сельскага савету Ніну Фяськову. Яна завітала ў вёску да сьвякрухі й давераным асобам кандыдата прадстаўлялася даяркаю — і ня толькі. Распавядае Мікалай Гаўрыленка:

(Гаўрыленка: ) “Старшыня сельскага савету Фяськова напала на маю давераную асобу і пачала абражаць, маўляў, Гаўрыленка — завэрбаваны агент ЦРУ, які разгульвае на Палесьсі, мае мільёны даляраў на рахунках у швайцарскіх банках і ўсіх выбарцаў падкупляе далярамі”.

Інцыдэнт у Жуках разьбірае цяпер Ельская раённая пракуратура. Сама спадарыня Фяськова так пракамэнтавала сёньня сустрэчу ў вёсцы:

(Фяськова: ) “Гэта мама там крычала на іх, а я такога не гаварыла. Згодна з законам яны ня маюць права хадзіць па дварах. Павінна быць зарганізавана ім аўдыторыя. А чаго хадзіць у двары? Такога ў нас яшчэ не было”.

У вёсцы Мілашэвічы Лельчыцкага раёну 13 кастрычніка, за суткі да сустрэчы кандыдата Гаўрыленкі з аднавяскоўцамі, пажарная служба закрыла сельскі клюб — нібыта з прычыны аварыйнасьці й пажарнай небясьпекі. Адбылося гэта ўжо пасьля таго, як улады правялі тут сустрэчу з афіцыйным кандыдатам Сяргеем Касьцянам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG