Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гары Паганяйла: “Парваць бюлетэнь — цалкам законна!”


Юры Сьвірко, Менск Хаця старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына пагражала зьвярнуцца ў пракуратуру наконт таго, ці ня ёсьць крымінальным заклік праваабаронцы Гары Паганяйлы парваць рэфэрэндумны бюлетэнь на дзьве часткі ды забраць адну з сабой, улады дагэтуль ніякага рашэньня што да гэтага закліку не прынялі. Выбарчы кодэкс зьмяшчае такую норму, як “сапсаваны бюлетэнь”.

Гары Паганяйла паведаміў, што пасьля выкліку ў пракуратуру ў мінулую пятніцу яго больш нікуды не выклікалі, бо пракуроры нічога супрацьзаконнага ў ягоным закліку не знайшлі.

На пытаньне Радыё Свабода, ці могуць улады перасьледаваць за такі спосаб зьменшыць агульную колькасьць бюлетэняў і адпаведна зьменшыць магчымасьці для падмены бюлетэняў, спадар Паганяйла адказаў:

(Паганяйла: ) “А як можна перасьледаваць, калі гэта ўсё зроблена таемна? То бок я прыйшоў у кабінку, адарваў бюлетэнь — калі ніхто за мной не сачыў, дык хто гэта можа заўважыць? Частку бюлетэня паклаў у кішэню, а частку склаў у чатыры столкі ды кінуў у скрынку. Артыкул 9 Выбарчага кодэксу сапраўды вызначае: “Галасаваньне на выбарах і рэфэрэндуме ёсьць таемным: кантроль за волевыўленьнем выбарнікаў, удзельнікаў рэфэрэндуму падчас галасаваньня не дапускаецца”.

Аднак у Менску студэнта радыётэхнічнага ўнівэрсытэту Паўла Драніцу затрымалі на выбарчым участку за тое, што ён парваў бюлетэнь галасаваньня на рэфэрэндуме, і пагражалі, што складуць пратакол за пашкоджаньне дзяржаўнай маёмасьці. Вось як камэнтуе гэта Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Ну, вы ж разумееце, якое ж псаваньне дзяржаўнай маёмасьці, калі шматок гэтай паперы, аркушык не каштуе нават капейкі!”

Больш за тое, нават Выбарчы кодэкс прадугледжвае выпадкі псаваньня бюлетэняў — артыкул 52 вызначае, што ўдзельнік рэфэрэндуму “мае права зьвярнуцца да сябра ўчастковай камісіі, які выдаў бюлетэнь, з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь замест сапсаванага”. Але, паводле Гары Паганяйлы, грамадзянін мае права й нікуды не зьвяртацца, а забраць бюлетэнь дадому.

Ці шмат выбарнікаў парвуць бюлетэні на рэфэрэндуме?

(Паганяйла: ) “Думаю, што шмат. І кепска, што партыі апазыцыйныя, грамадзкія арганізацыя вельмі позна пачалі раскручваць гэтую ідэю. Я пра яе казаў месяц таму”.

Аднак сам Гары Паганяйла можа й не ажыцьцявіць свайго права парваць бюлетэнь, бо да 18 кастрычніка ён знаходзіцца ў Лепельскім раёне, дзе яго ня хочуць унесьці ў сьпісы выбарнікаў.

Гл. таксама • Студэнта затрымалі за парваны бюлетэнь і склалі пратакол за ...пашкоджаньне дзяржаўнай маёмасьці
XS
SM
MD
LG