Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: Вынікі выбараў у Беларусі ўжо вядомыя


Аляксей Дзікавіцкі, Прага “Вынікі нядзельных выбараў у Беларусі ўжо вядомыя” – артыкул з такім загалоўкам зьмяшчае сёньня польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza”. Больш падрабязна са зьместам матэрыялу вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

“Да сканчэньня галасаваньня яшчэ некалькі дзён, а мы ўжо можам павіншаваць Аляксандра Лукашэнку зь перамогай. Улады ў Менску хочуць сфальсыфікаваць вынікі нядзельных выбараў і рэфэрэндуму”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Польскі штодзёньнік друкуе копію пратаколу з выбарчай акругі №106 у Менску, дзе, сярод іншых, балятуецца лідэр Партыі Камуністаў Беларусі Сяргей Калякін.

Там ўжо пададзеныя вынікі выбараў, дзе спадар Калякін атрымаў ў некалькі разоў менш галасоў, чым ягоная праўладная суперніца, а патрэбная большасьць падтрымала ідэю дазволіць Аляксандру Лукашэнку балятавацца на пасаду прэзыдэнта без абмежаваньня колькасьці тэрмінаў.

“Такім чынам, – падсумоўвае “Gazeta Wyborcza”, – у нядзелю выйграюць тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, а што найбольш істотна, больш за тры чвэрці беларусаў адкажуць “так!” на пытаньне рэфэрэндуму. Гэта значыць, што Лукашэнка зможа балятавацца трэці раз, чацьверты, пяты...”

Гл. таксама • Апазыцыя заяўляе, што яна выкрыла мэханізмы фальсыфікацыяў і што ўжо гатовыя выніковыя пратаколы
XS
SM
MD
LG