Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах працуюць 262 назіральнікі ад АБСЭ з 38 дзяржаваў


Юры Сьвірко, Менск Беларускія ўлады дазволілі ўехаць у краіну назіральнікам з Грэцыі й Чэхіі, якім спачатку адмовілі ў візах, і амэрыканцам, якім пагражаў ня даць дазволу на ўезд Аляксандар Лукашэнка. У пятніцу для кароткатэрміновых назіральнікаў ключавая каманда назіральнай місіі АБСЭ працягвала ладзіць паўнавартасныя брыфінгі, пасьля чаго яны паедуць у розныя рэгіёны Беларусі.

Прэсавая сакратарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Ўрдур Гунарсдотыр, якая прыехала ў Менск, паведаміла Радыё Свабода, што ўсе назіральнікі ад АБСЭ ўжо знаходзяцца ў Беларусі. Яны прадстаўляюць 38 краін-сяброў гэтай арганізацыі. На пытаньне, колькі іх усяго, яна адказала:

(Гунарсдотыр: ) “262 чалавекі. Яны выяжджаюць сёньня на месцы — туды, дзе будуць назіраць”.

Адмысловая каардынатарка назіраньня за выбарамі ў Беларусі, прызначаная на гэтую пасаду паводле рашэньня дзейнага старшыні АБСЭ, намесьніца старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Тунэ Тынгсгорд прыляцела ў Менск у пятніцу ўдзень. У размове са мной яна паведаміла, што заўтра зьбіраецца сустрэцца з прадстаўнікамі СМІ, з двума рознымі саюзамі журналістаў.

Аднак галоўная прэсавая канфэрэнцыя назіральнікаў ад АБСЭ, дзе яны абнародуюць свае высновы пра характар беларускіх парлямэнцкіх выбараў, адбудзецца ў панядзелак.
XS
SM
MD
LG