Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Die Tageszeitung”: “Чарговы выбарчы фарс па-беларуску”


Ул. інф. Матэрыял пад такім загалоўкам зьмясьціла бэрлінская штодзённая газэта “Die Tageszeitung”, якую немцы прызвычаіліся называць скарочана “ТАZ”. Паводле аўтара артыкулу Барбары Оэртэль, яшчэ напярэдадні беларускі кіраўнік Лукашэнка публічна агучыў, якімі хацеў бы бачыць вынікі парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

Як вынікае зь нядаўняй прамовы прэзыдэнта Лукашэнкі, у яго дастаткова сілаў і сродкаў, каб пераканаўча выйграць гэтыя выбары і рэфэрэндум. Паводле “ТАZ”, выбарчыя ноў-хаў Лукашэнкі распрацоўваліся працяглы час. Цяпер бадай што ніводзін назіральнік не сумняецца, што Лукашэнка атрымае жаданыя вынікі.

Ужо на этапе рэгістрацыі кандыдатаў праз ЦВК (дарэчы, такое было і ў 2000 годзе) з выбарчай барацьбы былі выключаныя нелюбімыя рэжымам асобы. Што тычыць такога ўзроўню як мясцовыя выбаркамы, то тут таксама ўсё ідзе згодна з плянам. Гэтыя структуры практычна без выключэньня прадстаўленыя праўрадавымі асобамі. З самых лепшых пачуцьцяў выбаркамы прапанавалі прагаласаваць хворым выбаршчыкам датэрмінова, у мінулы аўтарак. Як піша “ТАZ”, для маніпуляцыў расчыненыя дзьверы.

Аднак ня толькі выбаркамы падпарадкоўваюцца ўладам. Тэлевізійныя прамовы тых кандыдатаў, якія адкрыта выступалі супраць рэфэрэндуму, цэнзураваліся, зь іх выкрэсьліваліся адпаведныя пасажы адносна ўдзелу ў плебісцыце. З пэўнымі праблемамі сутыкнуліся і прадстаўнікі незалежных кандыдатаў — на іхны адрас гучалі розныя пагрозы, уключна з папярэджаньнямі наконт страты месца працы.

Калі з вынікамі “дэмакратычных” парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ўсё ясна, то ў пытаньні рэфэрэндуму, як выглядае, існуе пэўны момант рызыкі, — піша “ТАZ”. Тут патрэбная падтрымка найменей 50% электарату. Нядаўна ЦВК агучыла колькасьць выбаршчыкаў у Беларусі — 6,5 мільёна. Дзіўна, што год таму, калі ў Беларусі праходзілі мясцовыя выбары, афіцыйна выбаршычкаў налічвалася 7,1 мільёна. За гэты час у краіне, аднак, не назіралася нейкіх сур’ёзных эпідэміяў ці вялікай хвалі эміграцыі, — рэзюмуе “ТАZ”.
XS
SM
MD
LG