Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мела быць, мае быць…


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Сёньня – крыху пра спалучэньні з асабовымі формамі дзеясловаў мець і мецца. Нагодаю вярнуцца да гэтай тэмы – нядаўні званок слухача.

(Слухач:) “Хацелася б запытацца, ці не зьяўляецца калькаваным і наколькі прыдатны для беларускай мовы такі сказ: “Сёньня мае быць 10 градусаў”. Ці ня калька гэта, напрыклад, з ангельскага have to be або нямецкага haben? Ці добры выраз мае быць для беларускай мовы? Ці нельга сказаць прасьцей? Дзякуй”.

Вядома, можна сказаць прасьцей, але ці тое самае скажам прасьцей? Калі гаворым, што будзе 10 градусаў, у гэтых 10 градусах, як правіла, не сумняемся. Калі ж мае быць 10 градусаў, то ці яшчэ будзе? Тут мае быць – значыць, прадбачыцца, прагназуецца. Мае тут зусім ня лішняе слова – яно нясе значэньне імавернасьці, магчымасьці. Мае быць – ня калька: проста ў ангельскай і нямецкай, напрыклад, мовах аналягічныя сродкі выражэньня. Спалучэньні з асабовымі формамі дзеясловаў мець і мецца – вельмі даўнія ў нашай мове. З “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” я выпісаў фразу “маетъ быти каранъ” – яна датаваная 1388 годам. Маетъ быти – значыць, павінен, тут ужо значэньне абавязковасьці. У сучаснай і дыялекнай, і літаратурнай мове канструкцыі з формамі дзеясловаў мець і мецца – рэгулярная зьява. “Мела быць больш выканаўцаў, ды не даехалі”, – чытаем у беластоцкай “Ніве”. “Гэта быў толькі ўступ да вялікага шчасьця, што мела прыйсьці...” – тут сказ зь літаратуры, з прозы Янкі Брыля.

Такім парадкам, выражаючы нешта чаканае, тое, што прадбачым, або проста нешта задуманае, імавернае, варта ўжываць спалучэньні з асабовымі формамі дзеясловаў мець і мецца: маю хутка вярнуцца, мелася даўно пазваніць, меў зрабіць, але не зрабіў, мелі сустрэцца, але разьмінуліся.
XS
SM
MD
LG