Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрам на вёсцы даюць галасаваць за сваіх родных і блізкіх


Міхал Стэльмак, Менск 15 кастрычніка – чацьвёрты дзень датэрміновага галасаваньня. Як засьведчылі папярэднія дні, разгараецца своеасаблівае спаборніцтва паміж выбарчымі участкамі за колькасьць тых, хто прагаласуе датэрмінова. Асаблівую актыўнасьць у гэтай справе выяўляюць вяскоўцы.

Адразу дзьве бяды зваліліся зараз на галовы беларускіх вяскоўцаў: раньнія маразы й датэрміновае галасаваньне. На калгасна-саўгасных палетках яшчэ застаецца шмат гародніны і, паводле сялянаў, ёсьць небясьпека, што частка ўраджаю можа загінуць ад маразоў.

Між тым, выратаваньне ўраджаю кіраўнікі гаспадарак адсунулі на другі плян. А першаступенным пытаньнем стаў для іх клопат пра выкананьне ўстановак раённага начальства наконт датэрміновага галасаваньня. І ў многіх рэгіёнах заданьні выконваюцца з посьпехам. У прыватнасьці, у Вілейскім раёне задаволеная хадой датэрміновага галасаваньня ў Іжскім сельсавеце старшыня ўчастковай камісіі №24 Натальля Пальчонак:

(Пальчонак: ) “Нармалёва. У нас ужо ёсьць 16 працэнтаў. Едуць з усіх вёсак. Калгас дае аўтобус. Сёньня прыедзе галасаваць Слабада”.

Гэты выбарчы ўчастак наведаў Аляксей Сюдак, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Малярчука. І вось якімі назіраньнямі спадар Сюдак падзяліўся са мной:

(Сюдак: ) “Заехаўшы ў камісію ў вёсцы Іжа ўбачылі там такое, што нас крыху шакіравала. Ішло поўным ходам датэрміновае галасаваньне. Пакойчык быў там невялікі – можа, два на чатыры мэтры. Ён быў забіты цалкам пэнсіянэрамі. На рукі аднаму чалавеку давалася па тры, чатыры бюлетэні адначасова – і на рэфэрэндум, і на выбары. Яны галасавалі там за ўсіх сваіх родных, блізкіх – за каго маглі.

Месца для галасаваньня – не абсталявана. На адным і тым жа стале, дзе сядзіць камісія, стаіць скрыня і нейкая тэчка, каб ня бачылі, што там пісалі. А так людзі стаяць збоку, глядзяць, што там чыркаюць у гэтым бюлетэні, дзе чалавек ставіць “галачку”. Нейкая бабулька пачала прасіць, што так ня можа і каб ёй далі кабіну. Але яе угаварылі тут на гэтым стале паставіць “значкі”.

Паводле спадара Сюдака, апроч масавага датэрміновага галасаваньня на вёсцы маюць месца парушэньні правілаў галасаваньня, у прыватнасьці – тайны волевыяўленьня. Можна, бадай, казаць пра масавы характар парушэньняў выбарчага заканадаўства падчас датэрміновага галасаваньня вяскоўцаў.

Сыгналы пра парушэньні рознага кшталту паступаюць з розных рэгіёнаў. Напрыклад, у мястэчку Зялёны Бор Смалявіцкага раёну на выбарчым участку была арганізаваная выдача так званых “жыровак” на аплату камунальных паслуг. Местачкоўцам, якія прыходзілі за “жыроўкамі”, настойліва раілі тут жа датэрмінова прагаласаваць.

Ёсьць прыклады, калі некаторыя вясковыя начальнікі выкарыстоўвалі датэрміновае галасаваньне як падставу для зьнішчэньня агітацыйных матэрыялаў дэмакратычных кандыдатаў. Сябра Беларускага клюбу выбарцаў Віктар Дашкевіч назірае за хадой датэміновага галасаваньня на выбарчым участку ў вёсцы Руднае Капыльскага раёну. І вось якія адметнасьці былі заўважаныя ім на гэтым участку:

(Дашкевіч: ) “На маім участку, дзе я назіраю, Руднянскім участку №34 Салігорскай сельскай выбарчай акругі №91, прагаласавала 76 чалавек. Калі я сядзеў, то было тры чалавекі. Калі гэтыя 76 чалавек прагаласавалі – невядома. Участак не вельмі вялікі. У мяне ёсць зьвесткі па іншых участках. І калі я параўнаю іх, то на нашым участку перавыконваюць плян у некалькі разоў. Ёсьць такое негалоснае заданьне – па 10 працэнтаў за дзень. Калі на ўчастку 429 выбарцаў, у першы дзень прагаласавала 37 чалавек, то на наступны прагаласавала 76 чалавек. Пашпарты не прад’яўляюць. Яшчэ такое парушэньне: трэба, каб перад апячатваньнем скрыняў старшыня паказаў камісіі, што там ёсьць ці няма. Ну і трэба, каб было дзьве трэці складу камісіі. А ў нас была там толькі палова той камісіі”.
XS
SM
MD
LG