Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Участковыя выбарчыя камісіі вядуць сацспаборніцтва па датэрміновай яўцы выбарцаў


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Першапаласны матэрыял у “БДГ” сёньня апавядае пра тое, як участковыя выбарчыя камісіі вядуць сацспаборніцтва па датэрміновай яўцы выбарцаў. У гэтым упэўнілася карэспандэнтка газэты Яніна Балонская, калі зьдзейсьніла свайго кшталту рэйд па выбарчых участках. Першае, што ёй у вочы кінулася – гэта тое, што калі выбаршчык прыходзіць на ўчастак, то расьпісваецца за бюлетэні толькі ў адной графе. То бок, узяць удзел толькі ў выбарах, і пры гэтым праігнараваць рэфэрэндум папросту немагчыма. На адным з выбарчых участкаў журналістка сустрэла групу студэнтаў, якія зьявіліся галасаваць датэрмінова. Тое, што яны маглі прыйсьці на рэфэрэндум 17 кастрычніка, для маладых людзей стала адкрыцьцём. Іншыя нататкі з нагоды датэрміновага галасаваньня можна прачытаць у сьвежым нумары БДГ.

Карэспандэнт “Витебского курьера” Уладзімер Шык праехаўся па вёсках Віцебшчыны й паглядзеў на тое, як галасуюць там. Так, на выбарчым участку ў вёсцы Лучаі Пастаўскага раёну павінны зьявіцца ўсяго 213 выбарцаў, усе яны людзі пажылага веку. За першыя толькі паўтары гадзіны датэрміновага галасаваньня свае галасы аддало каля двух дзясяткаў выбарцаў, замацаваных за гэтым участкам. Аказваецца, для жыхароў Лучаёў ды навакольных вёсак выбары й рэфэрэндум – гэта толькі дадатковая нагода “замачыць ды заесьці”. Таму з выбарчага ўчастку многія зь іх ідуць па свае законныя чарку ды скварку ў краму.

А вось студэнты-філёлягі зь Віцебскага ўнівэрсытэта датэрмінова галасаваць ня хочуць, і нават зьвярнуліся зь лістом да дэкана факультэта беларускай філялёгіі й культуры, каб ім дазволілі зрабіць свой выбар – калі галасаваць і ці галасаваць наагул. Копію гэтага звароту яны прынесьлі ў рэдакцыю газэты. Са словаў студэнтаў, даходзіць аж да таго, што старастаў групаў абавязалі штодзённа падаваць сьпісы тых, хто прагаласаваў датэрмінова.

Кандыдат на дэпутата ад Івацэвіцкай суполкі БНФ Юры Губарэвіч вымушаны быў на старонках мясцовай “Газеты для вас” абвяргаць паклёпніцкую інфармацыю, якую пра яго падала днямі дзяржаўная раёнка “Маяк”. Спадару Губарэвічу першапачаткова адмовілі ў рэгістрацыі, і толькі пасьля скаргі ў Цэнтрвыбаркам ён стаў кандыдатам. Цяпер яго спрабуюць дыскрэдытаваць перад выбарцамі. Так, дзяржаўная івацэвіцкая газэта напісала пра яго, быццам ён не працуе ды жыве на падачкі заходніх фундатараў. Цікава, што гэтая раёнка звычайна выходзіць накладам у 9 тысяч асобнікаў, але нумар з артыкулам пра кандыдатам ад БНФ надрукавалі накладам ажно ў 25 тысяч.
XS
SM
MD
LG