Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 кастрычніка 1920 году армія генэрала Булак-Балаховіча захапіла Мазыр


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 15 кастрычніка

15 кастрычніка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет тры выдатныя дзеячы беларускай гісторыі, тры ўдзельнікі антырасейскага паўстаньня 1794 году, тры эмігранты, якія мусілі выехаць з роднай Беларусі. У 1817 годзе ў Швэйцарыі памёр Тадэвуш Касьцюшка. Родам ён быў зь Берасьцейшчыны і стаў героем нацыянальна-вызваленчага руху ў колішняй Рэчы Паспалітай і ў ЗША. У такі самы дзень у 1824 годзе таксама на чужыне памёр Рамуальд Гедройц – адзін з галоўных камандзіраў Касьцюшкавага паўстаньня. Паходзіў ён зь вёскі Бабчын на Браслаўшчыне. Нарэшце, у 1833 годзе ў Флярэнцыі памёр Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і кампазытар, аўтар знакамітага палянэзу “Разьвітаньне з Радзімай”, які таксама браў чынны ўдзел у паўстаньні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі.

15 кастрычніка 1920 году армія генэрала Станіслава Булак-Балаховіча захапіла Мазыр. Гэта быў самы яркі эпізод у паходзе генэрала супраць бальшавікоў. Булак-Балаховіч дзейнічаў у згодзе са старшынём Расейскага палітычнага камітэту ў Польшчы Барысам Савінкавым. Але ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі да гэтага паходу ставіліся па-рознаму. У прыватнасьці, газэта “Наша Ніва”, якую выдаваў у Вільні Антон Луцкевіч, рэзка крытыкавала Булак-Балаховіча за бясчынствы, што рабіла ягоная армія зь мірным насельніцтвам. 20 лістапада таго ж году Мазыр быў адбіты ў мяцежнага генэрала бальшавікамі.

15 кастрычніка 1932 году ў Белавескай пушчы пачаўся страйк лесарубаў. У 4-месяцовым пратэсьце ўзялі ўдзел сем тысяч работнікаў. Польскія ўлады абышліся са страйкоўцамі жорстка: больш за 100 чалавек арыштавалі, а аднаго з завадатараў закатавалі на шыбеніцы ў паліцэйскім пастарунку.

15 кастрычніка 1968 году ў вёсцы Леніна Горацкага раёну быў урачыста адкрыты мэмарыяльны комплекс польска-савецкай баявой садружнасьці. Акурат у гэтым месцы ў кастрычніку 1943 году ў бой зь немцамі ўступіла сфармаваная ў СССР 1-я польская пяхотная дывізія імя Касьцюшкі. Мэмарыял уключае ў сябе музэй і дзьве братнія магілы палеглых тут польскіх і савецкіх вайскоўцаў, над якімі запалены вечны агонь.

15 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет рымскі паэт Вэргілі, расейскі паэт Міхаіл Лермантаў, нямецкі філёзаф Фрыдрых Ніцшэ і былы прэм’ер-міністар Ізраіля Іцхак Шамір. Сапраўднае прозьвішча Шаміра было Езярніцкі і нарадзіўся ён у Ружанах на Берасьцейшчыне.
XS
SM
MD
LG