Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ціснуць на дэмакратычных кандыдатаў, якія нават у цяперашніх умовах маюць вялікія шанцы выйграць


Алесь Дашчынскі, Менск 15 кастрычніка на сваім паседжаньні Цэнтрвыбаркам разгледзіць скаргі шэрагу вядомых асобаў, якія былі пазбаўленыя акруговымі камісіямі рэгістрацыі кандыдатамі на дэпутаты. Палітыкі цьвердзяць, што ўціск на дэмакратычных кандыдатаў павялічваецца.

Цэнтрвыбаркам разгледзіць скаргі сябраў АГП Марыны Багдановіч і Аляксандра Цынкевіча, а таксама праваабаронцы Алега Волчака, чые рэгістрацыі кандыдатамі на дэпутаты былі скасаваныя літаральна апошнімі днямі – за абразу прэзыдэнта.

Алега Волчака акруговая камісія зьняла за ўлётку, у якой быццам бы ёсьць паклёп на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. Прычым камісія магла абысьціся папярэджаньнем, якіх у кандыдата не было, але, паводле спадара Волчака, прычына скасаваньня рэгістрацыі ў іншым.

(Волчак: ) “Правялі сацапытаньне, у мяне зараз 52 працэнты гатовых галасаваць, і пры любым фальшаваньні – у мяне там канкурэнт таксама аўганец, палкоўнік, які за рэфэрэндум і за Лукашэнку – ён там ледзь набірае 5 працэнтаў”.

Аляксандар Цынкевіч лічыць, што скасаваньне ягонай рэгістрацыі –

(Цынкевіч: ) “Поўная выдумка, суб’ектыўная думка камісіі, не заснаваная на законе”.

Без папярэджаньня зьнялі з выбарчай гонкі Марыну Багдановіч, якая адзначае, што адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваецца цынічна і ўседазволена.

(Багдановіч: ) “Выйшла ў газэце й мая праграма – скарочаная напалову, без фотаздымку. Ва ўсіх лідзкіх газэтах ішлі пасквілі”.

Скаргі ў Цэнтрвыбаркам паступаюць ня толькі на дзеяньні акруговых камісій, але й на дзеяньні міліцыі. Кандыдат на дэпутаты ад АГП Іван Анташкевіч распавёў, што міліцыянты спачатку спынілі аўтамабіль яго даверанай асобы быццам бы для таго, каб праверыць ці ёсьць там наркотыкі, а ўвечары вялікая група міліцыянтаў і людзей у цывільным уварвалася ў штаб-кватэру кандыдата. Гаворыць Іван Анташкевіч:

(Анташкевіч: ) “Поўнае бязладзьдзе. Яны запалохваюць мяне, перашкаджаюць, гэта ідзе барацьба”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заяўляе, што найперш улады ціснуць на дэмакратычных кандыдатаў, якія нават у цяперашніх умовах маюць вялікія шанцы выйграць.

(Лябедзька: ) “На мяне выйшлі шэраг прадстаўнікоў камісіяў з розных выбарчых акругаў, і яны проста жаліліся, што такога не было ніколі: колькі праводзілі кампаній за апошнія 10 гадоў – такога прымусу, такога ціску ніколі не было”.
XS
SM
MD
LG