Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананімная парада перад рэфэрэндумам: “Выратуй краіну: схавай пашпарт бабулі!”


Ігар Карней, Менск Маючыя адбыцца выбары ды рэфэрэндум нарадзілі мноства красамоўных экспромтаў. Якіясьці зьявіліся на старонках афіцыйных выданьняў з-за недагляду рэдактараў, іншыя ад імя “народу” зьяўляюцца ў інтэрнэце ананімна, а некаторыя кінуў у інфармацыйную прастору сам Лукашэнка.

Сам Лукашэнка ня так даўно папярэджваў, што рэфэрэндум ды парлямэнцкія выбары – толькі пачатак: “У нас пачынаецца складаны пэрыяд жыцьця: парлямэнцкія, затым – яшчэ страшней – прэзыдэнцкія выбары”. Таму ананімныя добразычліўцы на сайце dt.home.by (больш вядомы як “Дзед Талаш”) прапануюць ісьці на выбарчыя ўчасткі пад такім лёзунгам: “Выратуй краіну: схавай пашпарт бабулі!”

Бальшыня, зь кім даводзілася абмяркоўваць “пэрлы” выбарчай кампаніі, лічыць: самы вялікі перадвыбарны казус – надрукаваны ў падтрымку Лукашэнкі верш ў шклоўскай раённай газэце “Ўдарны фронт”. “Панэгірык” пры больш ўважлівым вывучэньні аказаўся так званым акравершам са словазлучэньнем ў першых радках “Лукашэнка – забойца”.

Што й казаць: утварыць падобнае на радзіме прэзыдэнта – гэта жарт з магчымымі наступствамі. Дарэчы, невядомы аўтар зьбіраўся растыражаваць свой твор і ў цэнтральных выданьнях. Такі ж самы ліст атрымала і “Советская Белоруссия”, аднак выратавала тое, што на графаманства тут “клююць” з большай асьцярожнасьцю.

А вось менскі паэт Георгій Ліхтаровіч свой ўнёсак у агульную справу робіць, не хаваючыся.

(Ліхтаровіч: )

“Праблема мо й не ў прэзыдэнцтве. Каб з тых пасад ня ладзілі кармушак, Трэба зрабіць, каб кожнаму ў маленстве Хапала лыж, канькоў і клюшак”.

А таксама, можна дадаць, элемэнтарнай пісьменнасьці. Так, на сайце агенцыі БелТА пазаўчора зьявілася такое паведамленьне: “Аграрии призывают голосовать за преданных земле депутатов!”. Выбары яшчэ не адбыліся, а дэпутатаў зямлі ўжо “предали”.

Але хітом сэзону можна лічыць анэкдот, які зьмясьцілі ледзьве ня ўсе недзяржаўныя выданьні: “Ці ня супраць вы, каб першы прэзыдэнт Беларусі удзельнічаў у выбарах прэзыдэнта?” І варыянты адказаў – “так, ня супраць”, “не, ня супраць”.

Жанр анэкдоту датычна да выбарнай кампаніі, бадай, найбольш, папулярны ў мас-мэдыях. Вось яшчэ адзін, як кажуць, з гэтай “опэры”. “У зьвязку з сумневамі падчас падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта ЗША, амэрыканскі бок зьвярнуўся да беларускага Цэнтрвыбаркаму… Падлічана 70% бюлетэняў. Зь вялікім адрывам наперадзе Аляксандар Лукашэнка”.

На інтэрнэт-сайце lukamor.info за подпісам Мікола Дажынак днямі зьявіўся так званы “Адкрыты ліст прэзыдэнту”, прысьвечаны рэфэрэндуму. Зачытаю пачатак:

“Мой дарагой товарищ Прэзидэнт, Решил тебе послать открытый лист, Прочти его, пойми души момент, Как чэсный, православный атеист”.

Далей у гэткім жа стылі. Як працяг – яшчэ адна рэпліка на тэму ад Георгія Ліхтаровіча:

(Ліхтаровіч: )

“Нішто ня зьменіцца, Пакуль халява будзе даспадобы. Бо гультаі вітаюць культ, Калі ён нават без асобы”.

І яшчэ адно назіраньне: нават мала кампэтэнтныя ў палітыцы людзі кажуць, што падначаленыя Лукашэнкі імкнуцца ягоныя ідэі ды імправізацыі перанесьці на рэальную глебу ў фармаце “адзін да аднаго”. Не пасьпеў Лукашэнка закончыць мэтафарычны сьпіч пра “крышталёвую Беларусь”, якую ён так беражліва нясе ў сваіх руках, як на вуліцах гарадоў зьявіліся вялізныя, бы з натуры, плякаты: на далоні шкляная сфэра з контурамі Беларусі й надпіс “Беларусь. Стабільнасьць. Рэфэрэндум”.

Зрэшты, падставы для капіяваньня закладаюцца на самым высокім узроўні – дастаткова ўзгадаць, як кіраўнік Берасьцейшчыны Канстанцін Сумар фактычна канстатаваў, што Лукашэнка крышку вышэй за Бога!

Такім жа незямным патасам прасякнутыя і некаторыя памкненьні самога Лукашэнкі. Прыкладам, “Дзеля захаваньня спакою ў краіне я гатовы ахвяраваць уласным розумам”. А калі гэта сапраўды здарыцца, то тады нічога не застанецца, як канстатаваць – зноў жа абранае з Лукашэнкі: “Я на гэтай зямлі нарадзіўся, я тут і памру. Чаго б мне гэта не каштавала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG