Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 300 дэлегатаў ад АБСЭ будуць назіраць за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск 15 кастрычніка ў Менск мяркуе прыляцець дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з адмысловай мэтай назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Выбары й рэфэрэндум выклікаюць вялікую цікавасьць за межамі краіны. Ужо вядома, што ў назіраньні за гэтымі працэсамі возьмуць удзел прадстаўнікі найменш як 50 дзяржаваў. Што гэта за людзі й каго яны будуць прадстаўляць у Беларусі?

На ўчорашні дзень афіцыйна зарэгістравалася 657 чалавек. Усіх іх можна падзяліць на чатыры групы: першая – назіральнікі ад міжнародных структураў, якія зьбіраюцца пад эгідай Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, другая – ад СНД, трэцяя – замежныя дыпляматы, якія стала працуюць у Беларусі, і, нарэшце, чацьвёртая – незалежныя назіральнікі.

Хачу зьвярнуць увагу на тое, што ня ўсе яны, як гэта прадстаўляюць афіцыйныя беларускія мэдыі, назіраюць за хадою рэфэрэндуму. Прадстаўнікі БДІПЧ, напрыклад, абмежаваліся толькі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Дарэчы, гэтая група будзе, мабыць, самай вялікай – агульная колькасьць доўга- й кароткатэрміновых назіральнікаў складзе каля 300 асобаў.

Ненамнога меншай будзе і група ад СНД. Але вось што цікава – калі глядзець Беларускае тэлебачаньне, то складаецца ўражаньне, што ў Менску працуюць толькі назіральнікі ад СНД. Іншых проста не паказваюць. Ну, і самая папулярная фігура сярод іх – “бацька Кандрат” – Мікалай Кандраценка, былы губэрнатар Краснадарскага краю, заўзяты камуніст і агітатар за Аляксандра Лукашэнку.

На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, якія адбываліся ў 2001 годзе, менавіта назіральнікі ад СНД сьцьвярджалі, што гэтыя выбары можна лічыць нават узорам для іншых краінаў Садружнасьці. Падобна, што сёлета будуць тыя ж самыя высновы. Я добра памятаю выніковую прэсавую канфэрэнцыю назіральнікаў ад СНД у 2001 годзе. Тады імі кіраваў Барыс Пастухоў: у мінулым – першы сакратар ВЛКСМ, а на той час старшыня камітэту расейскай Дзярждумы. Цяпер, дарэчы, ён першы намесьнік Яўгена Прымакова – прэзыдэнта гандлёва-прамысловай палаты Расеі. І ён увесь час казаў пра беспраблемнасьць і празрыстасьць беларускіх выбараў.

Але такую думку падзялялі ня ўсе. Пра эпізод з той прэсавай канфэрэнцыі ўзгадвае журналіст Раман Якаўлеўскі:

(Якаўлеўскі: ) “У гэтай групе знаходзіўся і Вячаслаў Ігруноў – на той час думскі дэпутат, зь якім я даўно знаёмы. І ён мне асабіста распавёў пра тое, як, дарэчы, у маёй выбарчай акрузе, дзе тады балятавалася Вольга Абрамава, яго не падпусьцілі да стала, дзе лічылі бюлетэні, і літаральна за шкірку выкінулі з выбарчага ўчастку. Я публічна сказаў пра гэта спадару Пастухову, а спадар Ігруноў усё гэта публічна пацьвердзіў. І гэта было ацэнена спадаром Пастуховым як асабістае меркаваньне спадара Ігрунова”.

Гэтым разам спадар Ігруноў ня трапіў у склад Дзярждумы – і ў склад групы незалежных назіральнікаў ён таксама стопрацэнтова ня трапіць. Так званыя незалежныя міжнародныя назіральнікі – гэта тыя людзі, якія прыбываюць на запрашэньне Міністэрства замежных справаў Беларусі. Амбасады Беларусі за мяжой рыхтуюць іх зь ліку так званых “сяброў Беларусі”, больш дакладна – сяброў лукашэнкаўскай Беларусі.

Гэтыя людзі – хто паводле сваіх перакананьняў, хто паводле іншых разьлікаў – едуць у Беларусь. Адны бачаць выключна тое, на што яны ўжо “запраграмаваныя”, другія проста хочуць адпачыць у Беларусі за чужыя грошы. Ня буду называць прозьвішчаў, але такіх і гэтым разам, напэўна, будзе шмат.

Варта нагадаць, што падчас кожнай выбарчай кампаніі беларускія ўлады за свой кошт запрашаюць у якасьці назіральнікаў лаяльных да Аляксандра Лукашэнкі замежнікаў, якія потым заяўляюць, што выбары прайшлі абсалютна без парушэньняў.
XS
SM
MD
LG