Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Freedom House”: пэрспэктыва правядзеньня ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў зьяўляецца вельмі змрочнай


Юры Дракахруст, Прага З асуджэньнем дыктатарскага праўленьня Аляксандра Лукашэнкі выступіла адна з самых уплывовых амэрыканскіх арганізацыяў, якая распаўсюджвае каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды – Freedom House.

У заяве арганізацыі зьвяртаецца ўвага на словы кіраўніка Беларусі, сказаныя 6 кастрычніка сёлета “У нас хопіць улады і тэхналёгіяў, каб сакрушальна выйграць выбары і рэфэрэндум”.

“Freedom House” лічыць, што гэтыя словы ёсьць вынікам ўсяго дзесяцігадовага кіраваньня Лукашэнкі, якое вызначалася непразрыстымі выбарамі, ціскам на грамадзкія арганізацыі, падпарадкаваньнем судовай улады выканаўчай і юрыдычным перасьледам палітычных апанэнтаў.

Кіраўніца арганізацыі Джэніфэр Уіндзар мяркуе, што пэрспэктыва правядзеньня ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў зьяўляецца вельмі змрочнай.

Яна вітала нядаўна прыняты кангрэсам ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” і заклікала прэзыдэнта Буша падпісаць гэты закон як мага хутчэй.

Паводле кіраўніцы “Freedom House” прэзыдэнт ЗША ў шчыльным супрацоўніцтве з Эўразьвязам і Расеяй павінен зрабіць моцны ціск на Менск дзеля дэмакратычных пераўтварэньняў. “Апошнія заявы і дзеяньні Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што больш нельга губляць часу ў гэтай справе”, – лічыць кіраўніца амэрыканскай арганізацыі “Freedom House” Джэніфэр Уіндзар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG