Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле апытаньняў Кэры перамог Буша ў трэцім апошнім туры тэледэбатаў


Сяргей Абламейка, Прага Амэрыканскі прэзыдэнт-рэспубліканец Джордж Буш і ягоны супернік, сэнатар-дэмакрат Джон Кэры правялі апошні трэці тур тэледэбатаў. Тэлефонныя апытаньні адразу пасьля заканчэньня дэбатаў паказалі, што за Кэры выказаліся 52% гледачоў, а за Буша – толькі 39%.

Падчас апошняй 90-хвіліннай тэледыскусіі Буш з Кэры павінны былі абмеркаваць пытаньні унутранай палітыкі – ахову здароўя, падаткі, аборты і шлюбы гомасэксуалістаў. Тым ня менш у цэнтры дэбатаў аказаліся таксама сытуацыя ў Іраку, Аўганістане і барацьба з тэрарызмам.

Гаворачы пра эканамічныя праблемы краіны, Джон Кэры заявіў, што ў ЗША ўзьнікла недапушчальная сытуацыя, калі сотні тысяч дзяцей па ўсёй краіне ня маюць мэдычнай страхоўкі. Амэрыка, сказаў Кэры, самая багатая краіна на плянэце і адзіная індустрыяльная нацыя, яна ў стане даць страхоўку ўсім. Кэры паабяцаў, што ў выпадку яго абраньня, кожны амэрыканец зможа мець такую самую мэдычную страхоўку, як сэнатары і кангрэсмэны.

Буш, натуральна, абараняў сваю эканамічную палітыку. Ён сказаў, што праблемы зь бюджэтам узьніклі яшчэ за часам ягонага папярэдніка Біла Клінтана.

Буш таксама заявіў, што амэрыканская эканоміка робіцца больш моцнай і, як прыклад, прывёў прывабнасьць Амэрыкі для замежных работнікаў.

Гаворачы пра вайну з тэрарызмам Джон Кэры сказаў:

(Кэры: ) “Шэсьць месяцаў таму Буш заявіў, што Ўсама Бін Ладэн павінен быць злоўлены жывы ці мёртвы. Калі ж яго цяпер пытаюць, дзе Бін Ладэн, ён кажа, што ня ведае, і што шмат аб гэтым ня думае і ня мае з гэтым клопату. Нам патрэбны прэзыдэнт, які рэальна сканцэнтруецца на вайне з тэрарызмам”.

Джордж Буш у адказ сьцьвярджаў, што ён не ігнаруе вайну з тэрарызмам, што адхіленьне ад уладу Садама было крытычнай часткай гэтай вайны, і што Злучаныя Штаты ідуць цяпер па дарозе да больш бясьпечнай будучыні:

(Буш: ) “Так, мы можам быць у большай бясьпецы, калі вядзем наступ у змаганьні з тэрарыстамі і распаўсюджваем свабоду па ўсім сьвеце”.

Сказаў у адказ на закіды Джона Кэры Джордж Буш.

Інтарэс да тэледэбатаў Буша і Кэры быў даволі высокі. Лічба сёньняшніх гледачоў пакуль не падлічаная, але другі тур 8 кастрычніка назіралі па тэлевізіі каля 47 мільёнаў чалавек, а першы тур 30 верасьня – 62 мільёны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG