Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Рэчыцкім раёне мясцовыя ўлады падвозяць пэнсіянэраў на аўтобусах, каб тыя прагаласавалі датэрмінова


Казімер Яноўскі, Рэчыцкі раён У Рэчыцкім раёне сельскія саветы зарганізоўваюць датэрміновае галасаваньне вясковых пэнсіянэраў. Дзеля гэтага ладзяцца канцэрты і падвоз вяскоўцаў аўтобусамі на выбарчыя ўчасткі.

Сьведкамі збору жыхароў вёскі Воўчая Гара на датэрміновае галасаваньне ўчора сталіся незалежныя кандыдаты ў дэпутаты Валер Пуціцкі й Леанід Невар. Распавядае Валер Пуціцкі:

(Пуціцкі: ) “У Воўчую Гару мы прыехалі недзе за дзесяць хвілінаў да гадзіны дня”.

Там ужо стаяў аўтобус, сядзелі бабулькі. Чакалі, пакуль падыдуць яшчэ — і ўжо паедуць на датэрміновае галасаваньне. Леанід Невар зазьняў усё гэта на відэакамэру. Спыталі ў кіроўцы, куды аўтобус ідзе? Ён адказаў: “На выбары!” — распавёў кандыдат у дэпутаты ад БНФ у Рэчыцкай акрузе Валер Пуціцкі.

Вёска Воўчая Гара адносіцца да Жмураўскага сельскага савету. Я зьвязаўся па тэлефоне зь ягоным старшынём Мікалаем Кулагам, каб удакладніць, хто аплачвае замову аўтобусаў дзеля падвозу вяскоўцаў на датэрміновае галасаваньне:

(Кулага: ) “Не зразумеў, вас не чуваць. Ператэлефануйце!” — кожны раз адказвае старшыня сельскага савету, як толькі пачуе пытаньне пра датэрміновае галасаваньне.

У Глыбаўскім сельсавеце людзей на датэрміновае галасаваньне падахвочваюць ня толькі падвозам, але і канцэртамі. На сёньня такі канцэрт з галасаваньнем прызначаны ў вёсцы Валадарск. Датэрміновае галасаваньне паводле патрабаваньня начальства даволі актыўна вядзецца і ў самой Рэчыцы. У прыватнасьці, у пэдагагічным каледжы, у калектывах мэтызнага заводу і нафтавікоў.
XS
SM
MD
LG