Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся распаўсюд прапагандысцкага спэцвыпуску “Советской Белорусии” – на першай старонцы Лукашэнка зь піянэркай на руках


Уладзімер Глод, Менск Галоўны лёзунг выданьня — “Скажы свайму Прэзыдэнту — так!” На першай старонцы зьмешчанае вялізнае фота Аляксандра Лукашэнкі зь піянэркай на руках і ягоны зварот да выбарцаў з просьбай аб падтрымцы на рэфэрэндуме.

Раніцай 14 кастрычніка я знайшоў у сваёй паштовай скрынцы газэту “Советская Белоруссия”, хаця яе не выпісваю. Такі ж “падарунак” атрымалі й іншыя жыхары нашага дому па вуліцы Старажоўскай у Цэнтральным раёне сталіцы. Адмысловае выданьне пакідалі ў паштовыя скрынкі і ў іншых раёнах Менску. Мабыць, хапіла ўсім, паколькі ў выходных зьвестках значыцца, што наклад гэтага нумару — 863 тысячы 125 асобнікаў, хаця паштары гавораць, што сапраўдны наклад больш за 3 мільёны. Звычайна ж газэта выходзіць накладам 321 тысяча асобнікаў.

На кожнай з чатырох старонак здымкі Аляксандра Лукашэнкі. Газэта сьцьвярджае пра надзвычайныя посьпехі ў жыцьці краіны за часы кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі. Сёньняшні дзень параўноўваецца ня толькі з 1994 годам, калі цяперашні прэзыдэнт прыйшоў да ўлады, але нават і з “усімі гадамі савецкай улады”. І гаворыцца, што ніколі яшчэ беларускі народ не дасягаў такіх посьпехаў.

Вядомы журналіст Раман Якаўлеўскі, які таксама сёньня атрымаў спэцвыпуск “Советской Белоруссии”, згадвае, што гэта ўжо другі такі выпадак — першы быў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году:

(Якаўлеўскі: ) “Уражаньне ў мяне такое — здымак Лукашэнкі зь дзіцем нагадвае вядомы здымак таварыша Сталіна зь дзіцем. Адзіная розьніца, што ў Менску яшчэ няма маўзалею. Яшчэ я зьвярнуў увагу на адсутнасьць у гэтым рэклямным нумары сацыялягічных зьвестак у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. І гэта невыпадкова, паколькі сёньня сярод адмыслоўцаў пануе думка Расейскага фонду, згодна зь якой Аляксандра Лукашэнку падтрымлівае менш за 50% выбарцаў. Адсутнасьць усялякіх зьвестак сведчыць пра тое, што атачэньне Лукашэнкі занепакоенае зьвесткамі сацыялёгаў — расейскіх, а таксама службы Гэлапа”.

Яшчэ адзін вядомы журналіст Аляксандар Фядута схільны лічыць, што гэты нумар можа прынесьці зусім ня той вынік, на які разьлічваюць яго стваральнікі:

(Фядута: ) “З 2001 году, калі апошні раз была падобная акцыя, на мой погляд, шмат людзей задае сабе пытаньне: адкуль бяруцца грошы, каб друкаваць такую цудоўную, шыкоўную, вельмі прыгожую шматкаляровую газэту. Асабліва, калі яе не выпісваеш і ня плаціш за яе ніякіх грошай. Тое, што адбылося, гэта яшчэ нейкім чынам паўплывае на сьвядомасьць. Усё больш і больш перамогі Аляксандра Рыгоравіча не нагадваюць тую сапраўды элегантную перамогу, якую ён атрымаў на выбарах 1994 году”.

Я спытаўся ў першага намесьніка галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” Міхаіла Лябедзіка, чым ён патлумачыць, што наклад спэцвыпуску амаль у тры разы перавышае звычайны наклад. Адказ быў наступны:

(Лябедзік: ) “Мы прынялі такое рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “А рэдакцыя мае такое права?”

(Лябедзік: ) “А чаму не?”
XS
SM
MD
LG