Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкае “Volksstimme”: “Лукашэнка атрымае тыя вынікі, якіх чакае”


Ул. інф. Тое, што беларусы ў часе парлямэнцкіх выбараў масава сапсуюць бюлетэні з пытаньнямі рэфэрэндуму, як заклікае адна частка апазыцыі, альбо дружна прагаласуюць супраць, як заклікае другая частка, можна разглядаць як тэарэтычны варыянт. На практыцы, праўдападобна, атрымаецца інакш. Лукашэнка атрымае тыя вынікі, якіх чакае. Хутчэй за ўсё, адпаведнае палажэньне Канстытуцыі будзе зьмененае — і яму ўдасца балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, — піша нямецкая газэта “Volksstimme”.

З гэтым меркаваньнем згодныя аглядальнікі многіх іншых нямецкамоўных выданьняў.

У большасьці публікацыяў утрымліваюцца пэсымістычныя прагнозы адносна галасаваньня беларусаў 17 кастрычніка. Паводле “Volksstimme”, масавыя маніпуляцыі зь бюлетэнямі назіраліся ў Беларусі і ў часе папярэдніх выбарчых кампаніяў. На гэта зьвярталі ўвагу АБСЭ, Рада Эўропы, Эўразьвяз.

Аднак беларускі рэжым заўсёды ігнараваў заходнюю крытыку і ўсё, што зьвязана з правамі чалавека ў Беларусі. Фармальна Беларусь лічыцца прэзыдэнцкай рэспублікай, але насамрэч яна ёсьць прэзыдэнцкай дыктатурай. Дзеля таго, каб падавіць любы супраціў рэжыму, працуюць каля 100 тысяч прадстаўнікоў спэцслужбаў. Усе яны непасрэдна падпарадкоўваюцца Лукашэнку. Напярэдадні, на падставе фактаў, выкладзеных у дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса пра зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, Эўразьвяз увёў адмысловыя візавыя санкцыі супраць высокіх менскіх чыноўнікаў, — піша “Volkstimme”.

На жаль, Беларусь знаходзіцца ня ў Альпах, а цэнтар Эўропы знаходзіцца менавіта ў гэтае краіне, што на заходняй мяжы Эўразьвязу, — піша швайцарская “Weltwoche”. Празь Беларусь праходзяць усе важныя эўрапейскія камунікацыі — чыгуначныя шляхі, аўтамагістралі, газавы трубаправод. Менавіта тут, у стратэгічна важнай для кантынэнту транзытнай краіне, кіруе “бацька Лукашэнка”, харызматычны аўтакрат, асабліва папулярны сярод шматлікіх вэтэранаў і пэнсіянэраў. Дзесяць год таму ён стаў прэзыдэнтам краіны дзякуючы рыторыцы халоднай вайны.

Для Лукашэнкі ня ёсьць праблемай маніпуляваць выбарамі. Перад нелюбімымі ім кандыдатамі ў часе выбарчай кампаніі фактычна зачыняюцца дзьверы, апазыцыя не дапускаецца да дзяржаўных СМІ, перш за ўсё да тэлебачаньня. Лукашэнка ліквідуе незалежную прэсу і дае санкцыі на арышт праціўнікаў. Хаця, як піша выданьне, яму, “бацьку нацыі”, як ён сам сябе называе, гэта зусім ня трэба. Мяркуючы па ўсім, ён пераможа ў рэфэрэндуме, — піша “Weltwoche”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG