Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцвыпуск “Советской Белоруссии” з агітацыяй за Лукашэнку патрапіць практычна ва ўсе паштовыя скрыні краіны


Галіна Абакунчык, Менск Многія людзі, якія не зьяўляюцца падпісчыкамі газэты “Советская Белоруссия”, атрымалі спэцыяльны выпуск гэтага выданьня, цалкам прысьвечаны агітацыі за Аляксандра Лукашэнку. Паштавікам было загадана распаўсюджваць гэтую газэту па ўсіх паштовых скрынках.

Жыхарка Менску Ірма Табушава — чалавек сталага ўзросту, усё жыцьцё пражыла ў адным з раёнаў сталіцы. Але яна кажа, што яшчэ ня памятае выпадку, каб агітацыйная кампанія вялася гэткімі сродкамі. Вось што яна паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Табушава: ) “Я не зьяўляюся падпісчыцай газэты “Советская Белоруссия” і была вельмі зьдзіўленая, калі знайшла ў сваёй паштовай скрыні два нумары гэтага выданьня. Першае, пра што думаецца, гэта вялікія сродкі. А па-другое, гэта ж такі націск! Я знаходжуся пад такім уражаньнем сёньня, што проста супакоіцца не магу”.

Паштавікі заяўляюць, што распаўсюджваць агітвыпуск газэты яны вымушаныя з прычыны адмысловага загаду. Гаворыць загадчыца аднаго з паштовых аддзяленьняў Менску:

(Паштарка: ) “Прыслалі загад, што абавязкова ўсім раскідаць. Паштальёнам гэтыя газэты пад падпіску браць. Гэта па ўсіх аддзяленьнях, каб усім жыхарам хапіла. Вельмі, вельмі, вельмі шмат прыслалі, і нам трэба за два дні ўсё раздаць. Паштальёны мае бедныя бегаюць, цяжка ім. Тэлефануюць людзі, кажуць, маўляў, навошта гэта трэба. Жанчына тэлефанавала й казала, што брыдка нават у рукі гэтую газэту браць, што яна яе растаптала й выкінула”.

Паводле маёй суразмоўцы, паштавікам даведзена распаўсюдзіць больш за 3 мільёны асобнікаў спэцвыпуску “Советской Белоруссии”.
XS
SM
MD
LG