Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпісы выбарнікаў не вывяраліся, а пытаньні пра колькасьць бюлетэняў – табу


Алесь Дашчынскі, Менск Многія незалежныя назіральнікі заяўляюць, што сьпісы выбарнікаў не вывяраліся. Яны таксама адзначаюць, што колькасьць выбарнікаў, зарэгістраваных на ўчастку, і колькасьць бюлетэняў — гэта асноўныя табу ў выбарчых камісіях.

Сярод грамадзянаў, якія не атрымалі запрашэньня на выбары, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка. Тры месяцы таму яна памяняла кватэру, а запрашэньне галасаваць прыйшло на яе ранейшы адрас:

(Равяка: ) “Я пайшла на выбарчы ўчастак і спыталася, чаму ў сьпісы ўнесены чалавек, які не пражывае па гэтым адрасе. Я сказала, што дастаткова шмат прайшло часу і за гэты час участковая камісія магла ўсё ж зьверыць гэтыя сьпісы. На мой погляд, гэтымі сьпісамі ніхто не займаўся”.

Цікавы выпадак адбыўся ў 107-й акрузе. Распавядае сябра АГП Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Разносілі сябры выбарчых камісіяў запрашэньні на выбары — і аказалася, што запрашэньні на руках ёсьць, а вуліца ўжо скончылася”.

Сябра незалежнага назіраньня “Партнэрства” Мікалай Астрэйка адзначае тыповую дэталь усіх выбарчых кампаніяў у краіне:

(Астрэйка: ) “Такіх фактаў дастаткова шмат, калі людзі прыходзяць галасаваць, а іх няма ў сьпісе. Але камісія з задавальненьнем уключае іх у дадатковы сьпіс, і яны галасуюць. Ці ўлічваецца колькасьць людзей, далучаных у дадатковы сьпіс да агульнай колькасьці выбарнікаў, ніхто растлумачыць ня можа. Мы чакаем, што ўжо празь некалькі дзён зьявіцца інфармацыя, што людзі прыходзяць, знаходзяць сябе ў сьпісе, але выяўляецца, што яны ўжо нібыта прагаласавалі”.
XS
SM
MD
LG