Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Шарамет будзе дамагацца, каб сканфіскаваныя ўладамі асобнікі кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” былі выстаўленыя на продаж у крамах канфіскату


Ігар Карней, Менск Усё часьцей прыходзяць паведамленьні аб канфіскацыі беларускімі ўладамі дакумэнтальнай кнігі журналістаў Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета “Выпадковы прэзыдэнт”, галоўны герой якой — Аляксандар Лукашэнка. Чаму і на якой падставе на кнігу распачатае сапраўднае паляваньне?

Цягам тыдня паведамленьні пра канфіскацыю кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” прыходзілі тройчы. У Жодзіне экспрапрыявана сем дзясяткаў асобнікаў у сябра АГП Уладзімера Валчаніна; у Барысаве за дзесяць кнігаў столькі ж сутак арышту атрымаў актывіст руху “Зубар” Аляксандар Казакоў. Самая вялікая партыя арыштаваная ў Віцебску: 9 тысяч асобнікаў так і не патрапілі да арганізацыі “Пэрспэктыва”. Адзін з аўтараў “Выпадковага прэзыдэнта”, журналіст Павал Шарамет, так камэнтуе прэцэдэнты з канфіскацыяй кнігі.

(Шарамет: ) “Гэтая кніга адкрыта прадаецца ва ўсіх кнігарнях Расеі. У Беларусі яна таксама не забароненая да распаўсюду. І калі кнігі канфіскуюць, то гэта толькі самаўпраўства чыноўнікаў. Чаму яны гэта робяць, для мяне цалкам зразумела. Гэта адна зь нямногіх кнігаў пра Лукашэнку, якая абагульняе ўвесь яго лёс, кар’еру. І апавядаецца ў ёй ня так, як падае гэта беларускае тэлебачаньне і афіцыйная прэса. Мы гэтага так не пакінем і будзем патрабаваць альбо грошы, альбо кнігу, альбо выстаўленьня яе на продаж у крамах канфіскату (цяперу Беларусі вельмі папулярна адчыняць крамы, дзе рэалізуюцца канфіскаваныя тавары) і прадаваць па коштах, даступных беларускім грамадзянам”.

Павал Шарамет кажа, што ніякіх юрыдычных падставаў для канфіскацыі кнігі ўлады ня маюць: гэта не падпольныя перадвыбарчыя ўлёткі, не забароненая друкаваная агітацыя і нават не парнаграфія. Гэта ж пацьвярджаюць і ў Міністэрстве інфармацыі — там таксама кажуць, што падобныя ўчынкі цалкам на сумленьні мясцовай вэртыкалі.

(Супрацоўнік юраддзелу: ) “Мы займаемя выдавецкай дзейнасьцю, даём ліцэнзіі. Але кнігі ў такім сэнсе не кантралюем. Як вы гэта ўяўляеце? Што мы, ходзім, канфіскоўваем іх? Ці загады падпісваем на забарону распаўсюду? Такога няма. Мы можам газэце папярэджаньне вынесьці ў выпадку парушэньня заканадаўства, а вось кнігам — не”.

Першае выданьне кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” выйшла накладам 5 тысяч асобнікаў. Потым яна некалькі разоў перавыдавалася, паколькі попыт дагэтуль нашмат перавышае прапанову. Я пацікавіўся ў Паўла Шарамета: колькі ўжо “Выпадковых прэзыдэнтаў” патрапілі да чытачоў?

(Шарамет: ) “Ня ведаю, які агульны наклад кнігі, бо мы са Сьвятланай Калінкінай перадалі ўсе нашыя правы расейскаму выдавецтву “Лімбус-прэс”. Я толькі ведаю, што яны перавыдалі кнігу тройчы. Але яе не хапае. Людзі запісваюцца ў адмысловыя чэргі, каб набыць “Выпадковага прэзыдэнта”. І каб было паўмільёна кніжак, то, перакананы, усе яны дайшлі б да чытачоў”.

Цяпер Павал Шарамет займаецца тым, што патрабуе ад віцебскай міліцыі вярнуць 9 тысяч асобнікаў кнігі “Выпадковы прэзыдэнт”.
XS
SM
MD
LG