Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра тое, як моладзь гоняць на датэрміновае галасаваньне, пра атмасфэру і норавы ў суполках БРСМ і пра Дэклярацыю правоў студэнтаў


Ягор Маёрчык, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Гаворкі пра датэрміновае галасаваньне

Датэрміновае галасаваньне стартавала за пяць дзён да 17 кастрычніка. Студэнтам загадалі зьявіцца на выбарчыя ўчасткі. На факультэцкіх дошках аб’яваў загадзя вывесілі расклады, калі якая група галасуе. Франак Вячорка наведаў участак па Каліноўскай выбарчай №108, які месьціцца ў корпусе Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту.

(Вячорка: ) “Ганак лябараторнага корпусу. Студэнты сюды прыходзяць паводле раскладу й цэлымі групамі, ды яшчэ пад наглядам куратараў і супрацоўнікаў дэканатаў. Распытваю адну з наведніцаў: што адбываецца на выбарчых участках, і чаму сёньня тут так шмат народу?”

(Дзяўчына: ) “Сёньня ўсе групы, якія ёсьць у БАТУ, іх тэрмінова зганяюць галасаваць. Іх здымаюць з заняткаў, і ўсе куратары разам зь імі ідуць, сочаць за імі, каб прагаласавалі. Але большасьць не галасуе сёньня, бо яны лічаць, што маюць права прыйсьці 17 кастрычніка й прагаласаваць”.

(Вячорка: ) “А студэнты як прагаласуюць? Якія настроі сярод моладзі ў дачыненьні да рэфэрэндуму?”

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што яны настроены супраць: ня даць Лукашэнку зноў выбірацца”.

Заходжу на выбарчы ўчастак. Тут шматмэтровыя чэргі да сталоў. Пад выглядам выбарца станаўлюся ў радоўку. Размаўляю са сваімі суседзямі.

(Вячорка: ) “Для чаго вы сёньня сюды прыйшлі?”

(Дзяўчына: ) “Калі мы не прагаласуем, то нам жа будзе горш. Нам так і сказалі, што нам жа будзе горш. Што менавіта яны будуць рабіць, нам невядома”.

(Вячорка: ) “Сёньня ж галасуеце і наконт рэфэрэндуму. Калі не сакрэт, як будзеце на ім галасаваць?”

(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю. Я наагул упершыню чую пра рэфэрэндум, проста не задумвалася наконт гэтага”.

(Вячорка: ) “А вы ўпэўненыя, што вынікі выбараў будуць справядлівыя?”

(Дзяўчына: ) “Калі шчыра, то не”.

Тут жа ў чарзе да выбарнай скрыні я знаёмлюся з маладой супрацоўніцай унівэрсытэту. Яе, як і студэнтаў, пагналі на датэрміновае галасаваньне.

(Спадарыня: ) “Студэнты вымушаныя прымаць сваё рашэньне не 17-га, а сёньня”.

(Вячорка: ) “Але ёсьць група студэнтаў, якія прынцыпова адмовіліся ісьці на выбары датэрмінова”.

(Спадарыня: ) “Гэта іх права – і правільна. Што ім пагражае? Ну, я ня ведаю, якая пагроза ім можа быць на сёньняшні дзень. Каб гэта была такая грамадзянская пазыцыя ў многіх, то гэта нічым бы не пагражала”.

Выбарцаў рэгіструюць вельмі нават хутка. Запытваюцца імя, прозьвішча і нумар пакоя ў інтэрнаце. Фіксуюць у сьпісах і выдаюць бюлетэні. Кабеціна па іншы бок бачыць у маіх руках дыктафон. Усьмешка на ейным твары адказу зьнікае.

(Вячорка: ) “Чаму сёньня ў першы дзень галасаваньня на выбарчых участкаў так шмат народу?”

(Спадарыня з выбарчай камісіі: ) “Вы ведаце, наагул лепш у мяне нічога не пытацца наконт выбараў. Калі наконт выбараў, я не хачу нічога камэнтаваць”.

Я выходжу на ганак. Тут купка студэнтаў, якія ігнаруюць датэрміновае галасаваньне. На выбарчы ўчастак яны прыйшлі, каб паназіраць за сваімі аднакурсьнікамі. Сярод іх – Кася Невар.

(Вячорка: ) “Бальшыня студэнтаў сёньня прыйшла на выбарчы ўчастак, але ёсьць група, якая прынцыпова адмовілася ісьці. Якія іх чакаюць санкцыі й наступствы?”

(Невар: ) “Была пагроза, што ўсіх іх у чацьвер выклікаюць да дэкана: што вось вы не схадзілі на выбары, гэта ваш грамадзянскі абавязак і мы маем права вас выключыць. Могуць наехаць. Але ёсьць групка людзей, якія тыкнуць пальцам у Выбарчы кодэкс і скажуць, што кожны мае права выбіраць, калі ён хоча. Я прыйду 17-га і прагаласую, думаю, што мне нічога ня будзе”.

Гаворкі пра сьмелых

Моладзь ня толькі галасуе, але й дапамагае іншым змагацца за мандат дэпутата. Адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адмовіла ў вольным наведваньні студэнтцы Юліі Сівец, на што яна паскардзілася ў пракуратуру. Маўляў, чыноўнікі парушылі Выбарчы кодэкс, паводле якога давераныя асобы кандыдатаў вызваляюцца ад службовых і пасадных абавязкаў. Дамо слова самой Юліі:

(Сівец: ) “Я падала заяву дэкану ўнівэрсытэту Бобрыку Ўладзімеру Андрэевічу на вольнае наведваньне. Але дэкан факультэту ўвогуле адмовіўся падпісваць гэтую паперу, сказаўшы, што я студэнтка й павінна праходзіць практыку ў школе, і скіраваў мяне да прарэктара. Прарэктар па вучэбнай працы Семчанка Ігар Валянцінавіч адмовіў мне ў вольным наведваньні на падставе статуту ўнівэрсытэту, маўляў, ва ўнівэрсытэце забаронена займацца палітычнаю дзейнасьцю. Я скіравала скаргу ў пракуратуру Чыгуначнага раёну. Мы таксама напісалі скаргу ў акруговую камісію, а там сказалі, што яны вырашылі студэнтаў не вызваляць, таму што ў студэнтаў і так палова дня вольная”.

(Маёрчык: ) “Як вы сустрэлі такую рэакцыю з боку кіраўніцтва сваёй навучальнай установы й з боку пракуратуры?”

(Сівец: ) “Ад кіраўніцтва ўнівэрсытэту я чакала такой рэакцыі, таму што праблемы з грамадзкай дзейнасьцю, праблемы з дэканам у мяне ўжо неаднаразова ўзьнікалі. А з боку пракуратуры, як мне казалі, — то калі б я была даверанай асобай якога-небудзь кандыдата на дэпутаты ад улады, то праблемаў бы не было, напрыклад, ад БРСМ — ім вольнае наведваньне спакойна даюць. Гэта зьвязана з тым, каб нейкім чынам перашкодзіць агітацыі ня толькі за нашага кандыдата, але й супраць рэфэрэндуму”.

(Маёрчык: ) “Я хачу вас запытацца пра настроі ў студэнцкім асяродку напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму”.

(Сівец: ) “Страх лётае ў атмасфэры, і баяцца ня толькі студэнты — баяцца выкладчыкі. Я падала скаргу ў пракуратуру на ўнівэрсытэт, мяне проста запаважалі. Адзінкі, якія могуць нешта выказаць наконт унівэрсытэту, а ўсе астатнія проста баяцца. Калі ёсьць адзінкі, то іх ужо маюць на ўвазе. Мне сказалі, што наш дэкан паведаміў выкладчыкам, каб за мной сачылі. Мне проста прыйдзецца нашмат болей вучыцца пасьля таго, як пройдзе рэфэрэндум, мне прыйдзецца хадзіць на ўсе пары, прыйдзецца нашмат болей выкладваць сілаў, чым звычайным студэнтам, таму што будзе стражэйшае стаўленьне да мяне, чым да ўсіх астатніх”.

Гаворкі пра прамыўку мазгоў

Яшчэ раз засяроджу ўвагу: прарэктар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў справах навучаньня Ігар Семчанка, калі адмаўляў Юліі Сівец у вольным наведваньні, спаслаўся на тое, што палітычная дзейнасьць у ВНУ забароненая. У той жа час самі выкладчыкі, супрацоўнікі дэканатаў і рэктаратаў вядуць тлумачальныя гутаркі. Нібыта паўтараючы агітацыйныя тэлеролікі, яны заклікаюць студэнтаў зрабіць выбар на карысьць стабільнай і квітнеючай Беларусі.

Тут варта прыгадаць 2001 год: пасьля лёгкай і “элегантнай” перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка заявіў, што моладзь яго падвяла, калі прагаласавала супраць. Вінаватымі тады зрабілі рэктараў ВНУ. А Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт тады нават пазбавілі прывілеяў і паменшылі фінансаваньне. Сёньняшнія студэнты гэтага ўнівэрсытэту канстатуюць: кіраўніцтва ВНУ з сытуацыі трохгадовай даўніны зрабіла адпаведныя высновы.

Пры мікрафоне – студэнтка аднаго з факультэтаў БДУ, якая прадставілася Ірынаю.

(Маёрчык: ) “Сытуацыя перад выбарамі ў вышэйшых навучальных установах напярэдадні выбараў і напярэдадні рэфэрэндуму – якімі словамі яе можна апісаць, што гэта за атмасфэра?”

(Ірына: ) “Наш дэкан, калі перад намі выступаў, вельмі хваляваўся, падбіраў словы, у яго быў голас ня вельмі ўпэўненага чалавека. У мяне склалася ўражаньне, што ім усім загадзя давалі нейкія праграмы, якія яны вызубрывалі й потым выступалі. І акцэнт рабілі на тым, што ў нас вельмі сталая эканоміка, што калі нешта зьменіцца, то мы ўсе прападзём, у нас заводы стануць, што мы станем жыць гэтак жа дрэнна, як у Літве, у Польшчы жывуць так дрэнна. У нас усё добра ў краіне… І ты, як студэнт, павінен усё зрабіць, як мае быць. “Вось вы не павінны шляцца ў час выбараў па Менску, па дыскатэках, павінны прагаласаваць. Каб я вас ня бачыў на менскіх дыскатэках!”

(Маёрчык: ) “Ваш дэкан ходзіць на менскія дыскатэкі й наведвае начныя клюбы?”

(Ірына: ) “Можа, пад маскай. Ловіць студэнтаў”.

(Маёрчык: ) “Самі студэнты, як яны сустрэлі прамову дэкана?”

(Ірына: ) “Моўчкі. Я так зразумела, што кожны з нашых студэнтаў, ён заціхарыўся. У нас увогуле ў студэнцкім асяродку вельмі ўсяго баяцца, баяцца, каб іх не “заклалі”. Бо ведаюць, што на кожным факультэце ёсьць свае стукачы. У кожнага са студэнтаў свая ступень страху. І бясстрашных я ведаю няшмат, іх вельмі мала. Вось найбольш якія страхі распаўсюджаныя: што заваляць на экзамэне, і ня дай бог, выганяць. У кожны са студэнтаў жыве інстынкт самазахаваньня”.

(Маёрчык: ) “Ірына, а на вашым факультэце ці вялася якая агітацыя супраць рэфэрэндуму, і ці вялася агітацыя за пэўнага дэмакратычнага кандыдата?”

(Ірына: ) “Не вядзецца гэтага. Толькі ў сваім асяродку, сярод людзей, якія могуць гэта ня выдаць. Гэта як падпольле: усе ўсё разумеюць, усе ўсё ведаюць, але, як сабакі – маўчаць”.

(Маёрчык: ) “Ірына, а тыя людзі, якія маюць сьмеласьць і выказваюць свае погляды, зь якой рэакцыяй яны гэта сустракаюць?”

(Ірына: ) “Для выкладчыкаў, для іх ня мае сэнсу, якой чалавек палітычнай арыентацыі. Галоўнае, каб ён ведаў іх прадмет. Яны падаюць знакі, робяць усё, каб тая думка, няправільная, на іх погляд, не прасачылася, не паўплывала на студэнтаў”.

(Маёрчык: ) “Пагаворым пра БРСМ. На вашым факультэце ёсьць суполка гэтай арганізацыі? Чым яна займаецца й якія дзеяньні й акцыі ладзіць напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму?”

(Ірына: ) “Яны баяцца адкрыта выказваць сваю думку, бо яны баяцца іншых студэнтаў. Ёсьць нейкі ў іх канфармізм. Найбольш мяне зьдзіўляе іх зьнешні выгляд: нейкія яны маленькія, драбненькія, людзі зацюканыя”.

(Маёрчык: ) “Вось вы, прыгожая дзяўчына, узялі б і зачаравалі якога БРСМаўца ды перацягнулі яго на свой бок?”

(Ірына: ) “Навошта?”

(Маёрчык: ) “На аднаго чалавека, які думае альтэрнатыўна й незалежна, было б болей”.

(Ірына: ) “Перацягваць яго на гэты бок, каб пасьля яшчэ хтосьці праз паўгоду перацягнуў на іншы – ці мае сэнс гэта? Ведаеце, яшчэ з часу Бібліі Понцій Пілат ілюстраваў такіх людзей, якія былі ні рыба, ні мяса. “Залатая сярэдзіна” ў Бібліі асуджалася – з такімі людзьмі ня ведаеш, куды яны перакінуцца. Лепей ведаць, калі чалавек крайніх настрояў, радыкал. Ты будзеш ведаць, чаго ад яго чакаць далей. А чаго ад такога чалавека чакаць – ты ня ведаеш ніколі”.

(Маёрчык: ) “Выходзіць, студэнцкі асяродак падзелены на дзьве часткі: тыя, якія зьяўляюцца сябрамі БРСМ, і тыя, якія адкрыта альбо схавана выказваюць альтэрнатыўныя думкі. Ці можна казаць пра нейкі раскол у студэнцкім асяродку?”

(Ірына: ) “Вядома, ёсьць. У нас у грамадзтве раскол. Зьбіраюцца розныя блізкія людзі за сталом, і калі заходзіць замова пра палітыку, яны гатовыя біцца, салатай “аліўе” кідацца. Студэнты – гэта ж іх дзеці, іх пляменьнікі. Яны таксама гэта выносяць. Як можа ня быць расколу, калі ты прыходзіш на факультэт, ведаеш, што чалавек з такой арганізацыі, пэўных ідэяў – вас ужо ня могуць зьвязваць нейкія агульныя інтарэсы”.

Гаворкі пра БРСМ

У працяг тэмы Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Напярэдадні выбараў ды рэфэрэндуму арганізацыя актыўна папаўняла свае шэрагі: дзе прымусам, дзе ўгаворамі, дзе спакусай палёгкаў. Сябра БРСМ Сяргея Андросенку выключылі з адной гімназіі з фармулёўкаю “за амаральныя паводзіны”. Не, ён не спакушаў аднаклясьніцаў, не паліў на перапынках і не ўжываў алькаголю. Папросту за распаўсюд улётак яго двойчы затрымалі міліцыянты. Сяргей – госьць нашае праграмы.

(Маёрчык: ) “БРСМ дакляруе, што абараняе сваіх сяброў. Чаму, калі ў той час, што ты меў праблемы з кіраўніцтвам школы або зь міліцыяй, ніхто з БРСМ не прыйшоў табе на дапамогу?”

(Андросенка: ) “Ня ведаю, але БРСМ цалкам забылася на мяне, ніякім чынам увогуле мяне не падтрымала. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што я не падтрымліваю іх палітыкі й статуту”.

(Маёрчык: ) “Тое, што ты ўступіў у БРСМ, было выклікана тваімі грамадзянскімі перакананьнямі, ці гэта было зроблена пад прымусам?”

(Андросенка: ) “Я ўступіў у БРСМ не пад прымусам, і не таму, што падтрымліваю іх перакананьні – проста ў мяне была свая цікаўнасьць. Мне падабалася выступаць на канфэрэнцыях, на сходах, расказваць людзям праўду, за што мяне таксама часам ганялі. Мне аднойчы рабілі вымову за мае няправільныя перакананьні й за тое, што я агітую людзей не за правільную справу”.

(Маёрчык: ) “Тыя выгоды, якія прапагандуе БРСМ, яны табе спатрэбіліся?”

(Андросенка: ) “Тое, што прапанавала мне да ўступленьня БРСМ: зьніжкі ў вечаровыя клюбы, пры паходах у саўну ці ў салярыі, я іх ні разу не скарыстаў. І для таго, каб іх атрымаць, трэба паехаць на іншы канец гораду. Аднак я часам карыстаўся іх халяўным прынтэрам і ксэраксам, прыходзілася размнажаць улёткі “Зубра”. Калі іх трэба было размножыць у шалёнай колькасьці, я папросту гэтак рабіў”.

(Маёрчык: ) “Як школьнікі й выкладчыкі ставіліся да таго, што напісана ў газэце?”

(Андросенка: ) “Пасьля таго, як у маёй клясе даведаліся, што я раздаваў “Зубр”, папрасілі прынесьці колькі асобнікаў. Некаторыя падыходзілі да мяне й запытваліся, ці гэта я раздаваў тую газэту, у якой адмоўна выказваецца пра спадара Лукашэнку. Я адказваў: так, гэта я. І мой аўтарытэт у школе папросту ўзрос”.

(Маёрчык: ) “Як вучні рэагуюць на БРСМ?”

(Андросенка: ) “Часьцей за ўсё можна пачуць: “Дастаў мяне гэты БРСМ”. Каб арганізаваць нейкае мерапрыемства, дык пэдагогі добра пабегаюць па школе, каб адшукаць людзей. БРСМ навязвае свае погляды, прымушае прымаць удзел у сваіх мерапрыемствах, гэта вельмі не падабаецца моладзі. У БРСМ усё даволі аднастайна, у духу савецкага часу. Паняткі БРСМ і гісторыя Беларусі несумяшчальныя – ёсьць толькі БРСМ і БССР. Таму што ўсе гістарычныя мерапрыемствы прысьвечаны альбо Другой усясьветнай вайне, альбо Машэраву”.

(Маёрчык: ) “Ты кажаш, што некаторыя навучэнцы сьцьвярджаюць “дастаў мяне гэты БРСМ”. Што перашкаджае людзям выказваць гэта адкрыта?”

(Андросенка: ) “Магчыма, моладзь не выказвае сваіх думак уголас, бо баіцца нейкіх праблемаў, а таксама баіцца зьявіцца на дошцы ганьбы“.

(Маёрчык: ) “А што, з прыходам БРСМ у школы зьявіліся дошкі ганьбы?”

(Андросенка: ) “Насамрэч так. Па прыходзе БРСМ аднавіліся й дошкі ганьбы, і дошкі гонару. На дошку гонару трапіць нескладана: трэба толькі прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах БРСМ. Нават неабвязкова добра вучыцца, трэба проста праяўляць нейкую зацікаўленасьць у арганізацыі. А трапіць на дошку ганьбы таксама нескладана: трэба проста сказаць нешта вольнае ў дачыненьні да арганізацыі. Разам з вальнадумцамі туды трапляюць курцы. Зьяўленьне на дошцы гонару ці ганьбы дачыненьняў сяброў і аднаклясьнікаў не зьмяняе. Для ўсіх гэта прыкольна – зьявіцца й вылучыцца з натоўпу. Гэта проста клёва – пабываць на дошцы ганьбы: цябе чытаюць, цябе ведаюць”.

(Маёрчык: ) “А пабываць на дошцы гонару — гэта ня клёва?”

(Андросенка: ) “Яе ніхто не чытае”.

Гаворкі пра Дэклярацыю правоў студэнтаў

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў прэзэнтавала Дэклярацыю правоў студэнтаў. У сарака артыкулах сярод іншага замацаванае права на вольнае наведваньне лекцыйных заняткаў, права на аб’ектыўную ацэнку ведаў, а таксама запісана, што “ніхто ня можа прымушаць студэнта да працы, непасрэдна не зьвязанай з навучальным працэсам”, “ніхто ня можа быць змушаны ўступаць у якую б там ні было асацыяцыю”, “студэнт мае права на ўласны сьветапогляд”, “ніякая ідэалёгія ня можа быць абавязковай для вывучэньня”.

Пры мікрафоне – адна з аўтарак, кіраўніца ЗБС, будучая юрыстка Вольга Кузьміч:

(Кузьміч: ) “Ідэя паўстала з таго, што вельмі шмат парушэньняў адбываецца ў студэнцкім асяродку, што вельмі часта студэнцкую думку эксплюатуюць. Ад імя студэнтаў кажуць: студэнты падтрымліваюць тое, ці студэнты падтрымліваюць гэта. Цяпер вельмі добра гэта відаць па тэлебачаньні, калі кажуць, што студэнты падтрымліваюць рэфэрэндум ці яшчэ што, і мы зразумелі, што не хапае нейкага дакумэнту, які б увасабляў, якімі студэнты бачаць свае правы, і ўвогуле – што гэта такое. У нас у ЗБС праваабарончая камісія спрабавала дасьледаваць студэнцкія правы ў беларускім заканадаўстве, і ў выніку прыйшлі да высновы, што шмат якія правы адно аднаму супярэчаць. Таму мы вырашылі скласьці дакумэнт, які называецца “Дэклярацыя правоў студэнтаў”, які пералічвае ўсе гэтыя правы”.

(Маёрчык: ) “Як я разумею, дэклярацыя створаная на прыклад Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Тая дэклярацыя ўнівэрсальная, яна стасуецца да ўсіх краінаў. Ваша дэклярацыя – якую яна мае юрыдычную моц?”

(Кузьміч: ) “Наша дэклярацыя таксама грунтуецца на Дэклярацыі праоў чалавека, але яна накіравана перш за ўсё на беларускіх студэнтаў. Больш за тое, у Эўропе зацікавіліся гэтым дакумэнтам, бо ў Эўропе не існуе ніякай ні міжнароднай, ні эўрапейскай дэклярацыі, ёсьць толькі беларуская. Эўрапейскія студэнцкія зьвязы на сваім паседжаньні падтрымалі гэтую дэклярацыю й вырашылі распрацоўваць на эўрапейскім узроўні агульную дэклярацыю правоў студэнтаў. А беларуская, таму яна й дэклярацыя – гэта пакуль што ніякі не юрыдычны дакумэнт, а гэта тое, што мы ўвогуле хочам мець. Мы будзем змагацца, каб кожны з тых пунктаў быў замацаваны юрыдычна. Дэклярацыя правоў чалавека таксама спачатку была дэклярацыяй, але пасьля многія краіны яе пачалі падтрымліваць”.

(Маёрчык: ) “Мы запісваем нашую гутарку ў першы дзень папярэдняга галасаваньня. Вольга, скажыце, ці выпадкова, што прэзэнтацыя Дэклярацыі правоў студэнтаў супала з пачаткам датэрміновага галасаваньня, і ўжо ўсім вядома, як гэтае галасаваньне адбываецца?”

(Кузьміч: ) “Шчыра кажучы, спачатку мы не плянавалі, што прэзэнтацыя супадзе. Але апошні тыдзень мы зразумелі, што гэта вельмі правільнае рашэньне, што мы вырашылі праводзіць у гэты дзень, таму што парушэньняў у нас вельмі шмат. Гэта ў нас першая такая прэзэнтацыя, паколькі цяпер вельмі складана ў нас у Беларусі арандаваць вялікія залі, таму мы пайшлі такім шляхам – рабіць невялікія прэзэнтацыі ў розных месцах, дзе гэта магчыма: у інтэрнатах, унівэрсытэтах, паўсюль, дзе гэта магчыма”.

Парлямэнцкія выбары й рэфэрэндум падзялілі грамадзтва на тых, хто падтрымлівае ўлады альбо змушаны гэта рабіць, і на тых, хто супраць. Моладзь апынулася па абодва бакі. Пра сытуацыю, што складзецца пасьля 17 кастрычніка, усе ўдзельнікі праграмы выказваюцца пэсымістычна. Ужо цяпер адбываецца перасьлед грамадзка актыўных людзей, яшчэ большы зрабіўся раскол у моладзевым асяродку, пануюць недавер і страх.
XS
SM
MD
LG