Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас выбары не 17-га, а да 17-га”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць 14 кастрычніка – трэці дзень датэрміновага галасаваньня, якое, нагадаю, пачалося 12 кастрычніка. Мы ўжо паведамлялі, што ў шэрагу месцаў – у прыватнасьці, у навучальных установах – такое галасаваньне ажыцьцяўляецца прымусова. Наколькі маштабны гэты мэханізм ціску на волевыяўленьне грамадзянаў?

Мэханізм датэрміновага галасаваньня набірае абароты ва ўсіх выбарчых акругах. Паводле дасьведчаных крыніцаў, выканкамы гарадоў і раёнаў даводзяць да кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў пляны ўдзелу ў такім галасаваньні. Жодзіна – адзін з рэгіёнаў, дзе гэтыя пляны ўвасабляюцца ў жорсткі адміністрацыйны ціск на працоўныя калектывы. У гэтай сувязі група жодзінцаў учора зьвярнулася ў АБСЭ зь лістом пратэсту супраць такога прымусу. Паводле Сьвятланы Лапіцкай, якая ёсьць даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Аляксея Лапіцкага, гэтыя грамадзяне маюць рацыю:

(Лапіцкая: ) “Прыйшлі на ўчастак №9 тут у нас. Мужчына і кажа, што мне трэба прагаласаваць, бо калі я сёньня не прагаласую, то заўтра мне можна не ісьці на працу. Пасьля таго як я спытала, ці мог бы ён сказаць пра гэта публічна, ён адказаў, што не, бо згубіць працу. Да нас тэлефанавалі людзі, напрыклад, з ТЭЦ, якія казалі, што ў чацьвер будзе падрыхтаваны аўтобус, каб везьці людзей на датэрміновае галасаваньне. Таксама ў дзіцячых садках загадчыцы робяць графікі для супрацоўнікаў, калі тыя пойдуць галасаваць. У школе-інтэрнаце дырэктар выклікаў адукацыйны склад і прапанаваў, каб яны датэрмінова прагаласавалі. А калі хтосьці гэтага не зробіць, то згубіць 20 працэнтаў прэміі. А нехта і наогул згубіць працу, бо хутка чакаецца скарачэньне. І так паўсюль”.

Сапраўды, пляны прымусовага датэрміновага галасаваньня рэалізуюцца фактычна ў кожным працоўным калектыве. У Салігорску гэтая кампанія з учорашняга дня распачалася ў адным з найбуйнешых прадпрыемстваў краіны – “Беларуськаліі”. Вось што паведаміў мне на гэты конт салігорскі назіральнік ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Андрэй Казановіч:

(Казановіч: ) “Я быў сьведкам таго, калі работнікаў зьнялі з працы й павезьлі ў горад, каб яны там прайшлі галасаваньне. Гэта адбылося на будаўніцтве 5-га рудніка. Гэта адвезьлі будаўнікоў, якія будуюць 5-ы руднік. Яны належаць фірме “Рамбудмантаж”. Гэтая фірма падпарадкоўваецца “Беларуськалію”.

Кампанія датэрміновага галасаваньня, паводле зьвестак на ўчорашні дзень, дакацілася і да вёскі. У некаторых паселішчах, напрыклад, ужо прагаласавала каля 10 працэнтаў выбарцаў. Пра тое, як праходзіць гэтая кампанія ў сельскай мясцовасьці, апавядае жыхарка вёскі Заазерцы Міёрскага раёну Сафія Табола:

(Табола: ) “Так, у нас на ўсіх участках ужо пачынаюць галасаваць. Гэта ня першыя выбары, таму людзі ідуць галасаваць датэрмінова ў парадку рэчаў. Гэтыя старыя людзі ніколі ня робяць самі заяў. Яны не тэлефануюць, што хочуць галасаваць. Сябры камісій самі ходзяць па хатах і пытаюць: “ці прыйсьці да вас на выбары?” – як чалавек адмовіцца? І на падставе гэтых апытаньняў складаюцца сьпісы. А каб прыйшлі ды спыталіся, ці хлеб ім патрэбен? Альбо дровы? Гэтага не было ніколі. Вось толькі пра голас яны клапоцяцца. Справа ў тым, што некаторыя людзі сядзяць на печы і кажуць, што кідай, дзетка, свой голас як хочаш. У нас выбары не 17-га, а да 17-га”.
XS
SM
MD
LG