Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэтхен Бёркл: “Акт не канкрэтызуе дакладную суму грошай – акрамя таго, што даецца дазвол на выдаткі ў некалькіх сфэрах беларускай грамадзянскай супольнасьці”


Юры Сьвірко, Менск Галоўная каардынатарка ў справах дэмакратыі, правоў чалавека й працы з адпаведнага бюро Дзярждэпартамэнту ЗША Грэтхен Бёркл заявіла, што Вашынгтон працягвае супрацоўнічаць з Эўразьвязам і Расеяй у беларускім пытаньні.

Падчас тэлеканфэрэнцыі Менск – Вашынгтон спадарыня Бёркл заявіла: “Мы вельмі задаволеныя, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі набыў сваю канчатковую форму”. Што да таго, чаму ў акце зьмяніліся некаторыя палажэньні пра міжнароднае супрацоўніцтва ў беларускім пытаньні, Грэтхен Бёркл сказала:

(Бёркл: ) “Мы цалкам працягваем заахвочваць Эўразьвяз і ўсіх суседзяў Беларусі працаваць дзеля прасоўваньня дэмакратыі ды незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў вашай краіне. Такім чынам, гэта не зьмянілася. Гэта таксама ёсьць звычайнай часткай нашага дыялёгу з Расеяй. І ня думаю, што гэта зьменіцца. Мы вельмі скаардынаваныя з Эўразьвязам. Мы падзяляем агульныя каштоўнасьці свабоднага й празрыстага выбарчага працэсу ў Беларусі, спрыяньня незалежнай грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, незалежным палітычным партыям. Мы таксама пастаянна цягам апошняга году працавалі ўва ўнісон на найвышэйшых узроўнях, каб каардынаваць нашы праграмы”.

На маё пытаньне, як яна можа пракамэнтаваць заявы беларускіх дзяржаўных мэдыяў пра тое, што пасьля прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ЗША пачнуць уліваць мільёны даляраў у беларускую апазыцыю, Грэтхен Бёркл адказала гэтак:

(Бёркл: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” не канкрэтызуе дакладную суму грошай – насамрэч грошы ўвогуле ня згадваюцца ні ў якім выглядзе, акрамя таго, што даецца дазвол на выдаткі ў некалькіх сфэрах беларускай грамадзянскай супольнасьці. Такім чынам, ён абмяркоўвае падтрымку ня толькі для незалежных палітычных партыяў, але й прафсаюзаў, незалежных крыніцаў масавай інфармацыі – цэлага шэрагу сфэраў унутры Беларусі. Я не магу нават пачаць спэкуляваць, ці ператворыцца гэта ў новае ці павялічанае фінансаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG