Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэма рэфэрэндуму ў беларускіх мэдыях засьціла тэму выбараў


Іна Студзінская, Менск Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая праводзіць маніторынг беларускіх электронных і друкаваных СМІ наконт асьвятленьня парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

На ўсіх тэлеканалах – і беларускіх, і расейскіх – у прайм-тайм ідуць агітацыйныя ролікі на карысьць удзелу ў рэфэрэндуме. Да таго ж, бальшыня зь іх наўпрост ці ўскосна праграмуе станоўчы адказ на пытаньне, што выносіцца на рэфэрэндум. Шмат разоў на дзень паказваецца бюлетэнь, дзе “птушачка” ставіцца ў тым акенцы, дзе напісана “за” (дарэчы, усе бюлетэні будуць толькі на расейскай мове).

Кіраўнік маніторынгавай групы Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Анціпенка робіць выснову, што ў інфармацыйных праграмах электронныя дзяржаўныя мэдыі надаюць тэме выбараў зусім неістотнае значэньне. На першым месцы – рэфэрэндум і асоба прэзыдэнта.

(Анціпенка: ) “Галоўнай дзеючай асобай, як і ў папярэднія пэрыяды, заставаўся прэзыдэнт, якому ў навінавых праграмах ОНТ, БТ, СТВ адводзілася ільвіная доля часу. Напрыклад, з формы маніторынгу праграмы “Наши новости” відаць, што прэзыдэнт заняў 56,5% часу праграмы параўнальна зь іншымі суб’ектамі, якія мы манітаруем. Гэта нават на 5% больш у параўнаньні з пэрыядам, калі быў абвешчаны рэфэрэндум”.

Не адстаюць ад тэлевізіі й друкаваныя СМІ. Так, “Советская Белоруссия” адводзіць Лукашэнку 54,5% газэтнай плошчы. Прычым, па-ранейшаму газэта выяўляе кіраўніка краіны толькі ў пераважна станоўчым і надзвычай станоўчым манеры. Так бы мовіць, непэрсаналізаваны суб’ект “апазыцыя” атрымаў 1,7% плошчы, а апазыцыйныя кандыдаты ад “Пяцёркі плюс” – 0,32% плошчы “Советской Белоруссии”. Манэра іхнай падачы была пераважна адмоўнай ці дужа адмоўнай.

Меркаваньне Алеся Анціпенкі, кіраўніка групы маніторынгу БАЖ:

(Анціпенка: ) “Нягледзячы на тое, што ўсе кандыдаты мелі ў вызначаных ЦВК мэдыяў аднолькавы час і месца, дзяржаўныя тэлеканалы й друкаваныя СМІ мэтаскіравана ствараючы адмоўны альбо надзвычай адмоўны вобраз кандыдатаў ад апазыцыі, парушылі прынцып роўных мажлівасьцяў вядзеньня перадвыбарчай кампаніі.

Акрамя навінавых выпускаў, на БТ, СТВ і ОНТ зьявіўся шэраг праграмаў, якія падаюць прадстаўнікоў апазыцыі ў нэгатыўным сьвятле, што таксама ёсьць адным са сродкаў уплыву на грамадзкую апінію”. Гэта і штодзённыя “Развагі на тэму…” а палове на дзесятую вечара, дзе парушаюцца ўсялякія прынцыпы журналісцкай этыкі, а з вуснаў юных камэнтатараў БТ ідзе папросту абраза апазыцыйных кандыдатаў.

Першы канал БТ і СТВ амаль штодня круцяць мыльную опэру пад назовам “Кансьпіралёгія”, якая дэманструецца ў прайм-тайме. Я нават зьбілася зь ліку, колькі зьнята сэрыяў. Адзін з аўтараў – сумнавядомы Юры Азаронак (стваральнік “Тайных спружынаў палітыкі”). Дарэчы, Азаронак афіцыйна зьяўляецца прэсавым сакратаром рэспубліканскай пракуратуры. Але зараз на працоўным месцы яго ніколі няма – відаць, выконвае адказнае “спэцзаданьне” на тэлевізіі.

Адмыслоўцы з БАЖу падлічылі, што ў першых дзьвюх частках “Кансьпіралёгіі” апазыцыі адводзіцца 13 хвілін 20 сэкундаў з 21-й хвіліны эфірнага часу. 38 разоў яны характарызуюцца нэгатыўна альбо скрайне нэгатыўна, і толькі 2 разы ўзгадваюцца нэўтральна, але ніводнага разу – пазытыўна. У дзьвюх наступных частках “апазыцыя” займае 65,5% эфірнага часу і 25 разоў характарызуецца нэгатыўна альбо скрайне нэгатыўна. Па сутнасьці, “апазыцыя” рэпрэзэнтуецца як “дэструктыўная сіла беларускага грамадзтва”.

А як выглядаюць недзяржаўныя СМІ? Тыя, безумоўна, імкнуцца да шырокага асьвятленьня тэмы выбараў – асабліва шчыруе “Народная воля”. Але, на жаль, незалежныя мэдыі не зьяўляюцца рэальнымі канкурэнтамі дзяржаўным друкаваным СМІ. “З прычыны параўнальна невялікіх накладаў і нязначнай колькасьці яны аніякім чынам ня могуць супрацьстаяць аднабаковай і перадузятай інфармацыі ў дзяржаўных СМІ” – такую выснову робяць аналітыкі БАЖу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG