Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 кастрычніка 1953 году з канвэеру Менскага трактарнага заводу сышоў першы трактар “Беларусь”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 14 кастрычніка

14 кастрычніка ў Беларусі – традыцыйнае сьвята Пакроў або Пакровы ці Пакравы. Ягоная назва паходзіць ад “покрыва Божае Маці”. Існуе мноства народных прымавак, зьвязаных з Пакровам, бо зямля гэтым часам “пакрывалася лістом або сьняжком, вада – лёдам, а пчала – мёдам”. Пакроў пазначаў завяршэньне восеньскіх працаў і пераход да зімовых клопатаў на гаспадарцы. А яшчэ гэта спрадвеку быў час пачатку вясковых вясельляў, які будзе цягнуцца да 27 кастрычніка – менавіта да гэтага дня працягваецца і Пакроў.

Цяпер – пра гістарычныя даты. Сёньня – дзень нараджэньня трактара “Беларусь”. Менавіта 14 кастрычніка 1953 году з канвэеру Менскага трактарнага заводу сышла першая такая машына. Сёньня гэтыя трактары ведаюць па ўсім сьвеце.

14 кастрычніка 1964 году ў СССР адбылася гістарычная падзея – зьмяніўся кіраўнік краіны. У гэты дзень пленум ЦК КПСС зьняў з пасады Генсека Мікіту Хрушчова і абраў на ягонае месца Леаніда Брэжнева.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 14 кастрычніка, згадаем беларускага літаратара Адама Бабарэку. Ён нарадзіўся ў 1899 годзе на Капыльшчыне. Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю і Беларускі ўнівэрсытэт, у якім выкладаў пазьней беларускую мову й літаратуру. Адам Бабарэка быў адным з самых актыўных арганізатараў і дзеячоў літаратурных аб’яднаньняў “Маладняк” і “Ўзвышша”. Загінуў у 1938 годзе ў ГУЛАГу.

У гэты ж дзень у 1915 годзе на Калінкаўшчыне нарадзіўся беларускі пісьменьнік Усевалад Краўчанка. Доўгі час ён быў галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”. Краўчанка – аўтар шматлікіх кніг, першыя зь якіх выйшлі яшчэ перад вайною. Пісаў ён таксама п’есы і творы для дзяцей. У 1961 годзе Краўчанка загінуў падчас турыстычнае паездкі ў Францыю.

14 кастрычніка ў розныя гады нарадзіліся ангелец Ўільям Пэн, які стаў заснавальнікам амэрыканскай калёніі Пэнсыльванія, польскі раманіст Стэфан Жаромскі, які прысьвяціў свае творы ў тым ліку і паўстаньню пад кіраўніцтвам Каліноўскага, і Дўайт Эйзэнгаўэр, 34-ты прэзыдэнт ЗША, які ў часе Другой сусьветнай вайны камандаваў войскамі антыгітлераўскай кааліцыі ў Эўропе.
XS
SM
MD
LG