Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Цынкевіча і Алега Волчака зьнялі з выбараў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Акруговая камісія 105-й выбарчай акругі Менску пазбавіла рэгістрацыі актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Цынкевіча і праваабаронцу Алега Волчака. Абодва кандыдаты былі абвінавачаныя ў распаўсюдзе матэрыялаў, якія абражаюць вышэйшую ўладу Беларусі. Лёс дэмакратычных кандыдатаў члены 105-й акруговай камісіі вырашылі за 10 хвілінаў.

Пасьля невялікага разьбіральніцтва камісія пагадзілася з прапановай старшыні Натальлі Кушняровай пазбавіць рэгістрацыі актывіста АГП Аляксандра Цынкевіча на той падставе, што ягоныя прапагандысцкія матэрыялы нібыта абражаюць прэзыдэнта Беларусі.

Праваабаронцу Алегу Волчаку паставілі ў віну, што ягоныя ўлёткі быццам з’явіліся ў невызначаных месцах і таксама маюць абразьлівыя выказваньні.

Гэтыя “факты” старшыня камісіі агучыла, спаслаўшыся на сыгналы нейкіх выбаршчыкаў, імёны якіх яна не назвала.

Кандыдаты спрабавалі пераканаць камісію, што закон не парушалі. Цынкевіч казаў пра свабоду меркаваньняў. Група падтрымкі Волчака даказвала, што да ўказаных адрасоў яшчэ не дабралася.

(Міхайлоўская: ) “Мы распаўсюджвалі нашыя ўлёткі толькі па праспэкце Машэрава, вуліцы Лесі Ўкраінкі, на Весьнянцы. На іншыя раёны ў нас пакуль іх проста не хапіла. Таму тое, што нашыя ўлёткі быццам зьявіліся на вуліцы Заслаўскай – гэта проста хлусьня. Гэта хлусьня і правакацыя”.

Сябра камісіі Ўладзімера Зінковіча я спытаў, чаму ён галасаваў за адхіленьне ад выбараў Аляксандра Цынкевіча.

(Зінковіч: ) “Вельмі агрэсіўная палітыка адносна кіраўніка дзяржавы і людзей. Так нельга! Вось я вам працытую: “У краіне ідзе халодная грамадзянская вайна.” Ну што за лухта? Якая вайна? “Менавіта таму вам страшна”. Чаму страшна? Мне ня страшна. Я шчасьлівы, што жыву ў гэтай краіне. Я рускі паводле нацыянальнасьці, але шчасьлівы, што жыву ў гэтай краіне”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж гэта, як выглядае, яго меркаваньне. Вось ён піша: “Ведаю…”

(Зінковіч: ) “Ён ведае, што я жыву дрэнна. Чаму ён за мяне вырашае, што я жыву дрэнна?”

Між тым Аляксандр Цынкевіч лічыць, што прэтэнзіі да зьместу ягонай ўлёткі толькі падстава.

(Цынкевіч: ) “Відаць лічаць, што іхны кандыдат ад улады можа не прайсьці й адпаведна расчышчаюць поле”.

Аргумэнты кандыдатаў у дэпутаты гэтак і не былі пачутыя. Супроць пазбаўленьня рэгістрацыі галасаваў толькі адзін з 10 сябраў 105-ай акруговай камісіі.

На фотаздымку: Алег Волчак
XS
SM
MD
LG