Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пікеты і беларускія рэстарацыі ў Маскве


Ганна Сурмач, Прага У мінулую нядзелю, 10 кастрычніка, у Маскве беларуская моладзь, якая навучаецца ў расейскіх ВНУ, арганізавала пікет супроць рэфэрэндуму ў Беларусі. Асаблівасьць падзеі ў тым, што гэтую акцыю пратэсту наладзіла частка сяброў новай маладзёвай арганізацыі, якая зараз ствараецца ў Маскве па ініцыятыве беларускай амбасады.

Вядома, што зараз паўсюдна ў замежжы беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы актыўна займаюцца кантактамі з мяйсцоваю дыяспараю. У гэтым накірунку працуе і беларуская амбасада ў Маскве. Увесну па ініцыятыве амбасады быў скліканы сход беларускіх студэнтаў, што навучаюцца ў Маскве, -- з мэтаю стварэньня Зямляцтва беларускіх студэнтаў. Сама па сабе ідэя спадабалася моладзі, тым больш, што на чужыне маладыя людзі патрабуюць кантактаў з суродзічамі і амбасада прапанавала арганізацыйную дапамогу. Моладзь пачала знаёміцца між сабою , сустракацца і абмяркоўваць агульныя праблемы.

(Ярашэнка: ) ”Я б не сказала, што рэгулярна, але кожныя два-тры месяцы мы зьбіраемся. Звычайна ў некага дома, ці ў кафэ. Ініцыятыўная група – чалавек дзесяць, усяго недзе 50-70, але на самай справе беларускай моладзі ў Маскве значна больш”.

Ганна- Марыя Ярашэнка, родам з Бярэсьця, вучыцца ў Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсытэце імя Баўмана, на 4 курсе, вывучае лазэрныя тэхналёгіі. Яна была сярод тых, хто прысутнічаў на сходзе ў амбасадзе.

(Ярашэнка: )”Спачатку хацелі зрабіць студэнцкае зямляцтва. Але, на гэтым сходзе менавіта я прапанавала зрабіць не студэнцкае, а маладзёвае зямляцтва, бо шмат беларусаў прыязджае сюды на заробкі. Некаторы час мы ад амбасады атрымлівалі бясплатныя квіткі ў тэатры. Вядома, хацелася б ствараць гэтую арганізацыю не з дапамогаю амбасады. На самой справе, калі быць аб''ектыўнай, я не бачу, хто б мог нам дапамагчы стварыць гэтую арганізацыю Усе ж такі хочам яе стварыць, афіцыйна яна існуе, але юрыдычна мы яе не рэгістравалі”.

Да групы актывістаў, якія ствараюць арганізацыю, належаць і браты Васіль і Юры Бірчанкі. Хлопцы абодва вучацца ў Маскоўскім фізыка-тэхнічным унівэрсытэце. Васіль лічыць, што арганізацыя павінна займацца больш культурна-асьветніцкай працаю.

(Васіль Бірчанка: )”Ад імя Зямляцтва мы не праводзім палітычных акцый, а толькі знаёмімся, сьвятуем , праводзім розныя мерапрыемствы культурна-асьветніцкія. Зямляцтва толькі ўтвараецца, мы маем нейкую падтрымку з боку беларускай амбасады. Мы даволі аптымістычна настроеныя, бо студэнтаў-беларусаў ў Маскве шмат, у адным толькі Маскоўскім дзяржаўным універсытэце вучацца больш за сто чалавек з Беларусі”.

Аднак апошнія падзеі Беларусі нечакана паўплывалі на пазыцыю значнай часткі сяброў Зямляцтва. Аб’яўлены Лукашэнкам рэфэрэндум прымусіў маладых людзей вызначыцца з уласнай пазыцыяй, як грамадзянаў Беларусі, якія павінны будуць аддаць свой голас за ці супроць рэферэндума. Група нацыянальна-сьведамых сяброў зямляцтва палічыла сваім грамадзянскім абавязкам пратэставаць супроць рэферэндума. Паслухаем ізноў Ганну-Марыю.

(Ярашэнка: )”Зараз наша ініцыятыўная група наладзіла арганізацыю пікета супраць зьменаў Канстытуцыі і трэцяга тэрміну Лукашэнкі пад лёзунгам "Трэці - лішні". Я б сказала , што большая частка на сходзе - дзьве траціны вырашылі прыняць удзел у пікеце. Мы палічылі гэта сваім грамадзянскім абавязкам Мы гэта будзем рабіць насупраць амбасады, так што я думаю, што наша супрацоўніцтва скончыцца. Думаю, што цяпер дапамогі ад амбасады асабліва не будзе”.

Дарэчы, ці вядома ўжо , як паставілася да гэтага амбасада?

(Ярашэнка: )”Я ад амбасады нічога не чула. Вядома, я мяркую, што яны ставяцца да гэтага дрэнна”.

Васіль Бірчанка патлумачыў:

(Бірчанка: )”Акцыя будзе рабіцца не ад імя Зямляцтва, а арганізуецца групаю аднадумцаў”.

Тым не менш, наўрад ці можна чакаць , што амбасада паставіцца да гэтага з разуменьнем?

(Бірчанка: )”На самой справе я ня дужа заклапочаны тым, як яны паставяцца. Як грамадзянін рэспублікі, я не парушаю ніякіх законаў ані Беларусі ані Расейскай Фэдэрацыі. Акцыя санкцыянаваная адміністрацыяй Цэнтральнай акругі Масквы. Я не думаю, што ў нас узьнікнуць нейкія канфлікты у сувязі з гэтым. Я толькі хачу прадэманстраваць сваё стаўленьне да працэсаў, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Я хачу падкрэсьліць, што мяне не дужа клапоціць пазыцыя беларускай амбасады, бо ў мяне няма ніякіх плянаў наконт нейкай дыпляматычнай кар''еры, або наогул кар''еры ў межах Рэспублікі Беларусь”.

Удзельнікаў пікета больш клапоціць іхныя адносіны з той часткаю сяброў зямляцтва, якія вырашылі не браць удзел у пікеце. Ганна- Марыя кажа, што гэтая сытуацыя не раскалола арганізацыю

(Ярашэнка: )”Мы падтрымліваем адносіны, але на гэты час падзяліліся на дзьве часткі - адна займаецца пікетам, а другая іншымі праектамі. Гэтыя людзі вучацца ў такіх універсытэтах, што ім у будучым давядзецца працаваць у Беларусі, ім нельга прымаць удзел, бо гэта дрэнна паўплывае на іх кар’еру і яны проста пабаяліся удзельнічаць у гэтай акцыі. Але, у нас добрыя адносіны, яны таксама нам дапамагалі”.

Скажыце, а Вы сама пасьля вучобы зьбіраецеся вяртацца на Радзіму?

(Ярашэнка: )”Мяне вельмі турбуе тое, што для мяне, як у будучым інжынера у высокіх тэхналёгіях, няма будучыні ў Беларусі, не будзе такога заробку, які я магу зарабіць у іншым месцы. Мне бы хацелася неяк дапамагаць Беларусі і гэта адна з тых прычынаў, чаму 10 кастрычніка трэба прыйсьці на гэты пікет”.

Я запыталася і ў Васіля, ці мяркуе ён вяртацца ў Беларусь?

(Бірчанка: )”На жаль, не, ў бліжэйшай будучыні. Сапраўды, толькі калі пабудзеш за мяжою, пажывеш там месяцаў ці гадоў, пачынаеш адчуваць - дзе твая Радзіма, дзе ты жадаў бы ў будучым жыць і на карысьць якой хацеў бы працаваць. Мне давялося амаль год пажыць у далёкім замежжы - Японія, Францыя, Англія, Аўстрыя, Бэльгія. Але, хацелася б рана ці позна вярнуцца ў Беларусь, гадаваць там дзяцей сваіх”.

Сёньня ў беларускай моладзі ў Маскве з’явілася магчымасьць часьцей сустракацца ў адчыненай сёлета – 10 жніўня другой беларускай рэстарацыі пад добра знаёмаю цяпер усім назваю “Крамбамбуля”. Два гады ў цэнтры Масквы пасьпяхова працуе рэстаран “Белая Русь”. Ягоны уладальнік Сяргей Мітрошын вырашыў адчыніць яшчэ адзін асяродак беларускай кухні, але ўжо ў раёне Усерасейскага Выставачнага Цэнтру. Рэстаран мае 250 месцаў і цэны там на 30 адсоткаў таньнейшыя, што робіць яго больш прывабным для моладзі. Васіль Бірчанка ўжо пабываў там.

(Бірчанка: ) “Я бываў у “Крамбамбулі”, прыемнае месца, даволі таннае, гатуюць смачна, добрая жывая музыка. Мой брат заказаў дранікі са шкваркаю і з чаркаю, а я паспрабаваў сырнікі са сьмятанаю і з макам”

Ганна- Марыя таксама была прыемна ўражаная новай рэстарацыяй.

(Ярашэнка: )”Мне вельмі спадабаўся інтэр''ер, там няма такога, як напрыклад ва ўкраінцаў робяць такі сялянскі інтэр''ер, лаўкі. Тут адчуваецца беларускасьць, ёсьць беларускія рысы, але гэта вельмі стыльна і сучасна. Абслуга вельмі культурная. У "Белай Русі" мы з беларускай дыяспараю у мінулым годзе адзначалі Дзяды. Было прыемна, што там афіцыянты не беларусы, яны спрабавалі размаўляць па –беларуску, былі вельмі добразычлівы, што у Маскве не часта пабачыш. Назвы усіх страваў напісаныя па-беларуску і па-расейску. Я вадзіла туды амэрыканцаў, якія прыязджалі у мой універсытэт. Ім таксама вельмі спадабалася, як гатуюць. Мая самая любімая страва - гэта сырнікі. Я такіх сырнікаў ніколі не ела, яны невялічкія, яны плаваюць у гаршчочку у нейкім соусе, вельмі смачна”

Сяргей Мітрошкін невыпадкова заняўся беларускай кухняю, ён некалі жыў у Гомелі, у Менску цяпер жыве ягоны брат і ўсіх спецыялістаў Сяргей запрасіў з Беларусі.

(Мітрошкін: )”Гатуюць повары, у нас у асноўным усе беларусы з Менску, з Гомеля, з Віцебска, ляурэаты конкурсаў. Я прывёз усю эліту повараў з Беларусі. Прадукты мы тут купляем. Попытам у нас карыстаецца беларуская бульба. Яна высокакрахмальная, а тут атрымаць такія дранікі вельмі цяжка з падмаскоўнай бульбы. Бульбу стараемся прывозіць з Беларусі, яна там значна лепшай якасьці. У нас у "Белай Русі" з бульбы робяцца 19 гатункаў дранікаў - дранікі з сёмгаю, з салам, са шкваркаю і з чаркаю. Вельмі добра зарэкамендавалася сябе беларуская кухня ў Маскве. Да нас ідуць не толькі беларусы, але і палякі, літоўцы. Афіцыянты ў нацыянальных касьцюмах, блізкіх да беларускіх. Беларусы нават плачуць, калі прыходзяць у наш рэстаран і чытаюць на роднай мове, асабліва тыя, хто даўно прыехаў у Маскву. Калі яны пабачылі, што нарэшце ў Маскве адчынілася беларуская рэстарацыя, яны толькі сюды і ходзяць. У нас ужо ёсьць калектывы, кампаніі, якія наведваюць толькі нашу рэстарацыю. Інтэр''ер мы беларускі паспрабавалі зрабіць, беларускія майстры рабілі, рэзчыкі па дубу.У асноўным у нас грае скрыпка, гітара, акардэон, баян”.

Ці не зьбіраецеся запрасіць у госьці беларускі гурт “Крамбамбуля”

(Мітрошкін: )”Ансамбль "Крамбамбуля", ягоны прадусар прыехаў да нас праз два тыдні пасьля адкрыцьця, мы пазнаёміліся, ім вельмі спадабалася і калі б яны прыехалі, мы іх з задавальненьнем прымем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG