Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паводле пляну, 80% студэнтаў павінны прагаласаваць датэрмінова”


Ганна Соусь, Менск На выбарчых участках у вышэйшых навучальных установах актыўна ідзе датэрміновае галасаваньне. Многія студэнты кажуць, што адміністрацыя ВНУ прымушае іх галасаваць датэрмінова. Нашая карэспандэнтка наведала выбарчыя ўчасткі ў Беларускім дзяржаўным тэхнічным і Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным унівэрсытэтах.

Ля выбарчага ўчастку №481 у тэхнічным унівэрсытэце я стала сьведкай сцэны, калі выкладчыца казала студэнту ісьці галасаваць, а ў яго не было пашпарта. Тады яна параіла яму ўзяць з сабой студэнцкі білет. Я запыталася ў гэтага студэнта, наколькі распаўсюджаныя такія мэтады.

(Студэнт: ) “Гэта глябальна адбываецца. Паводле пляну, 80% студэнтаў у інтэрнаце павінны прагаласаваць датэрмінова”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто вам цяпер раіў галасаваць датэрмінова?”

(Студэнт: ) “Намесьніца дэкана”.

(Карэспандэнтка: ) “ Я пачула, што вы можаце прагаласаваць і без пашпарта?”

(Студэнт: ) “Бяз пашпарта, можна па пропуску ў інтэрнат галасаваць”.

Мой наступны суразмоўца Алег Саладухін тлумачыць, чаму ён будзе галасаваць датэрмінова.

(Саладухін: ) “Нас прымушаюць, каб мы раней прагаласавалі”.

(Каэспандэнтка: ) “А хто прымушае?“

(Саладухін: ) “Намесьнік дэкана, дэкан. Сказалі, што гэта абавязкова, што гэта паўплывае на наша становішча ва ўнівэрсытэце вельмі моцна”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы да гэтага ставіцеся?”

(Саладухін: ) “Мы ж студэнты, павінны выконваць патрабаваньні дэканату”.

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня выбарчай камісіі 481-га ўчастку, за ўчорашні дзень прагаласавала больш за 500 чалавек, а ўсяго выбаршчыкаў на гэтым участку 1325 чалавек. На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году тут датэрмінова прагаласавалі 80% выбаршчыкаў — у асноўным гэта студэнты, якія жывуць у інтэрнаце. Сёлета чакаюцца такіх жа вынікаў.

Актыўна ідзе датэрміновае галасаваньне і на 567-м выбарчым участку ў аграрна-тэхнічным унівэрсытэце. Старшыня камісіі Сяргей Сацук гаворыць, што з 2700 выбаршчкаў ужо прагаласавала 700 чалавек. Я размаўляю са студэнтам унівэрсытэту, які ня будзе галасаваць датэрмінова.

(Студэнт: ) “Я лічу, што ня трэба галасаваць датэрмінова. Калі датэрмінова, то тут могуць запісаць зусім іншыя галасы. Нашто абмяжоўваць маю свабоду, калі я магу галасаваць тады, калі мне патрэбна?”

А вось як ставіцца да датэрміновага галасаваньня выкладчыца аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Ларыса Храмянкова:

(Храмянкова: ) “Мабыць, наўпрост выкладчыкі й не прапануюць. Вось я не прапаную студэнтам галасаваць датэрмінова. У мяне зь лекцыяў іх не здымалі пакуль што. Калі ідзе датэрміновае галасаваньне, вы ж ведаеце самі, што і як гэта робіцца”.
XS
SM
MD
LG