Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў прапагандысцкі спэцвыпуск “Советской Белорусии” з галоўным героем выпуску – А. Лукашэнкам


Валер Каліноўскі, Менск У выдавецтве “Беларускі дом друку” накладам больш як 860 тысяч асобнікаў выйшаў спэцвыпуск газэты адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” пад лёзунгам “Скажы свайму прэзыдэнту так!” Нумар датаваны 14 кастрычніка.

Галоўны герой гэтага выпуску — Аляксандар Лукашэнка. На шматлікіх фатаздымках ён адлюстраваны ў форме вайскоўца і футбаліста, у высокім жыце і зь дзяўчынкай-школьніцай на руках. На першай старонцы газэты зьмешчаны зварот самога А.Лукашэнкі да выбарцаў з заклікам прагаласаваць на рэфэрэндуме за яго. Газэта сьцьвярджае пра посьпехі ў эканамічным, спартовым і культурным жыцьці краіны за часы кіраўніцтва А.Лукашэнкі, зазначае, што людзі ў Беларусі “не галадуюць і правы чалавека не парушаюцца”.

Звычайны наклад газэты “Советская Белоруссия” складае 321 тысячу асобнікаў, таму зразумела, што спэцвыпуск прызначаны ня толькі для падпісчыкаў. Паводле зьвестак лідэра Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна, спараўдны наклад спэцвыпуска “СБ” — 3 мільёны 200 тысяч экзэмпляраў, якія будуць бясплатна распаўсюджвацца праз арганізацыі Міністэрства сувязі па ўсёй краіне.

(Калякін: ) “На гэта выдаткаваная значная частка бюджэтных сродкаў, гэта практычна крадзеж бюджэтных сродкаў, таму што грошай на гэта ў бюджэце няма. Сёньня грошы расходуюцца мільярдамі на прапаганду ўлады, на прапаганду пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум”.

Сяргей Калякін разам з тым нагадвае, што міліцыя канфіскуе тыя незалежныя выданьні, якія агітуюць супраць рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG