Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумны Багдановіч на фоне роздумных быкаўскіх краявідаў… (з фотагалерэяй)


Валянцні Аксак, Менск У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адчынілася выстава знанага скульптара сябра творчае суполкі “Пагоня” Алеся Шатэрніка.

У цэнтры выставачнай залі бронзавы Максім Багдановіч cа сшыткам на каленях сумна аглядае навакольле. Скульптура паэта зробленая дваццаць гадоў таму, але ўкладзены ў яе роздум мастака аб лёсе радзімы ў гэтую трывожную восень набывае дадатковы сэнс. Як, зрэшты, і іншыя 14 камэрных кампазыцыяў знанага сваім тонкім псыхалягізмам скульптара. Які ў апошнія гады захапіўся і жывапісам. У экспазыцыі — 33 алейныя палотны, гэта пераважна краявіды, сярод якіх вылучаюцца два, напісаныя на Вушаччыне падчас сёлетняга пленэру, прысьвечанага 80-годзьдзю Васіля Быкава. Вось як патлумачыў іх нашаму радыё аўтар:

(Шатэрнік: ) “Я зрабіў два этуды — “Горнае возера на Вушаччыне раніцай” і “Горнае возера на Вушаччыне ўвечары”. Гэта радзіма Васіля Быкава. Стаўленьне Васіля Быкава да тых падзеяў, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, усім вядомае. І працы мае як бы ў падсьвядомасьці гэтае стаўленьне абуджаюць — раніца і вечар”.

Але агульны настрой, які выклікае выстава Алеся Шатэрніка, прысьвечаная 40-годзьдзю ягонай творчай дзейнасьці й названая “Барвы восені”, сьветлы. Сам аптыміст па натуры Алесь Шатэрнік хоча выклікаць жыцьцясьцьвярджальныя эмоцыі і ў сваіх гледачоў.

(Шатэрнік: ) “Ня хочацца думаць пра кепскае. Мастацтва, яно дадае аптымізму. Я па натуры аптыміст, ніколі не заганяў сябе ў кут. Мне здаецца, усё роўна ўсё будзе добра. Хацелася б падняць настрой у людзей і даць веру і надзею, што ў нашай краіне будзе добра”.

Алесь Шатэрнік верыць, што неўзабаве надыдзе і той час, калі зробленая ім больш за дзесяць гадоў таму мэмарыяльная шыльда для дома, у якім была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, пераедзе зь ягонай майстэрні на належнае ёй месца. Тым болей, што цяпер фасад гістарычнага будынка на вуліцы Валадарскага рамантуецца.

(Шатэрнік: ) “Праяжджаючы там, думаю — вось месца рыхтуецца, дзе яна будзе ўсталяваная”.

***

Фотаздымкі з выставы:

Шатэрнік - vystup Алесь Шатэрнік

Шатэрнік - Bahdanovic Максім Багдановіч

Шатэрнік - dzieci Дзеці на выставе

Шатэрнік - polackaja Эўфрасіньня Полацкая
XS
SM
MD
LG