Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Антончык і Мікіта Сасім будуць галасаваць у спэцпрыёмніку


Любоў Лунёва, Менск У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна трымаюць трох палітвязьняў — дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргея Антончыка, актывіста моладзевага руху “Зубр” Мікіту Сасіма і сябра АГП Андрэя Козела. Двое зь іх 17 кастрычніка галасаваць будуць у спэцпрыёмніку.

Сябра АГП Андрэя Козела затрымалі супрацоўнікі Цэнтральнага аддзелу міліцыі за расклейку налепак і ўлётак на афішных тумбах. Яго доўгі час трымалі ў дзяжурнай частцы міліцыі. Хлопец спадзяваўся, што на яго складуць пратакол за антысанітарыю ці за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і адпусьцяць.

(Козел: ) “Выйшаў з электрычкі й адразу заўважыў нейкі “хвост”. Па дарозе я наляпіў некалькі налепак. На станцыі “Няміга” мяне затрымалі. Я мяркую, што хутчэй за ўсё прыпішуць “санітарку” і адпусьцяць. Улёткі “Пяцёркі плюс” і яшчэ налепкі “Скажы Лукашэнку “не”.

Міліцыянты адвезьлі Андрэя ў суд, дзе яго пакаралі чатырма суткамі арышту. Тым часам Сяргей Антончык адбыў тыдзень арышту з прызначаных 15 сутак. Паколькі раней ён меў істотныя праблемы з сэрцам і месяц лячыўся ў кардыялягічным аддзяленьні, яго адвезьлі ў шпіталь. Там мэдыкі выдалі даведку, што спадара Антончыка можна трымаць пад вартай, але ён мусіць прымаць лекі. Толькі пасьля гэтага адміністрацыя спэцпрыёмніка дазволіла жонцы перадаць усе неабходныя мэдыкамэнты.

Каардынатара руху “Зубр” Мікіту Сасіма арыштавалі на 15 сутак, але праз два дні яго забрала “хуткая” ў шпіталь з прычыны падвышанага ціску. Хлопец правёў суткі ў шпіталі, і яго адпусьцілі дахаты. Міліцыянты, калі ўбачылі Мікіту на вуліцы, затрымалі яго і адвезьлі ў спэцпрыёмнік адбываць пакараньне.

17 кастрычніка Андрэй Козел будзе галасаваць на сваім выбарчым участку. А Сяргей Антончык і Мікіта Сасім прагаласуюць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна — гэта 101-я выбарчая акруга Маскоўскага раёну. Выканаўца абавязкаў кіраўніка спэцпрыёмніка Міхаіл Шабанаў распавёў Радыё Свабода, як будуць галасаваць арыштаваныя:

(Шабанаў: ) “Сюды выяжджае выбарчая камісія. Будзе стаяць скрыня. Мы будзем іх запрашаць з камэры і пытацца, ці жадаюць яны галасаваць. Будуць яны галасаваць па Маскоўскай акрузе, нягледзячы на тое, што ўсе са ўсяго Менску. Будуць галасаваць за кандыдатаў, якія ідуць па 101-й акрузе. Гэта Леанід Гарбачоў, Ігар Курыленка, Яўген Лабановіч і Валянціна Сьвяцкая. Галасуюць. У прынцыпе, тут усё добраахвотнае”.

Сёньня ўсе арыштаваныя атрымалі харчовыя перадачы і газэты ад сваіх паплечнікаў.
XS
SM
MD
LG