Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раздача зарэгістраваных улётак – “парушэньне грамадзкага парадку”


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць У Гомельскай вобласьці міліцыя затрымлівае давераных асобаў незалежных кандыдатаў у дэпутаты, тым самым перашкаджаючы ім весьці агітацыйную кампанію

Учора ўвечары ў Сьветлагорску, у гандлёвай краме “Першамайскі”, міліцыя затрымала Івана Каратчэню і Віктара Ахрэмчука. Яны як давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты ад БНФ Віктара Раманішкі з дазволу адміністрацыі вывешвалі ўлёткі свайго кандыдата ў парлямэнт - побач з агітацыйнымі матэрыяламі кандыдаткі ад улады Валянціны Кавалёвай.

Напачатку міліцыянты праверылі дакумэнты давераных асобаў кандыдата ад БНФ і адышлі. Што было далей, распавядае Іван Каратчэня:

(Каратчэня:) “Адышліся яны крышачку – і зноў падыходзяць. А можна мы яшчэ? За кайстру – і туды палезьлі. Дастаюць, глянулі. А што гэта тут напісана? Скажы Лукашэнку “Не”! О-о, пачакайце, хлопцы, зараз будзем з вамі разьбірацца. На тэлефон, патэлефанаваў некуды. Ну, хлопцы, зараз вы паедзеце ў КГБ. Выклікаюць машыну. Усё, пайшлі! Завезьлі нас у райаддзел, у міліцыю”, - распавёў спадар Каратчэня, давераная асоба кандыдата ў парлямэнт ад БНФ.

Начальнік сьветлагорскай міліцыі Мікалай Раговіч на пытаньне, якімі прынцыпамі кіруюцца ягоныя падначаленыя, затрымліваючы давераных асобаў, адказаў так:

(Раговіч:) “Парушэньне грамадзкага парадку – прынцып, прадугледжаны заканадаўствам. У мяне ідзе нарада, я заняты”.

Затрыманьні, падобныя на сьветлагорскія, у рэгіёне здараюцца ледзь не кожны дзень. У Нароўлі нядаўна падчас раздачы перадвыбарчых улётак міліцыя ажно на трох аўтамашынах узяла ў аблогу групу і самога кандыдата ў дэпутаты ад АГП у Палескай выбарчай акрузе Мікалая Гаўрыленку. Разьвіцьцё інцыдэнту высілкамі кандыдата ўдалося прадухіліць.

У Рэчыцы на рынку “Славянскі” міліцыянты перашкаджалі распаўсюджваць улёткі незалежнаму кандыдату Леаніду Невару. А ў Добрушы ўчора быў затрыманы і аштрафаваны амаль на 100 тысячаў рублёў Артур Цурбакоў, давераная асоба гомельскага кандыдата ў дэпутаты ад АГП Алеся Карніенкі. Спадар Цурбакоў вёз у сваёй аўтамашыне газэту “Неделя” і ўлёткі “Скажы Лукашэнку “Не”!
XS
SM
MD
LG