Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія студэнты пратэстуюць супраць прымусовага датэрміновага галасаваньня


Браніслава Станкевіч, Віцебск Студэнты адмаўляюцца выконваць загады адміністрацыі і гатовыя адстойваць свае правы на свабодны ўдзел або няўдзел у выбарах у дэканаце або нават у судзе

Пра неабходнасьць узяць удзел менавіта ў датэрміновым галасаваньні першымі пачулі студэнты Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту. Яшчэ ў верасьні тут правялі адмысловыя нарады старастаў студэнцкіх груп, дзе даводзілі, за каго належыць галасаваць, і якім чынам адказваць на пытаньне рэфэрэндуму. Але асабліва інтэнсіўна такая агітацыя, як кажуць студэнты, праводзіцца менавіта цяпер.

(Студэнт): -- Праводзяцца сустрэчы са студэнтамі на ўсіх узроўнях – ад рэктара да намесьнікаў дэканаў. Але, безумоўна, ёсьць студэнты, якія ня хочуць галасаваць датэрмінова, і яны задаюць кіраўніцтву ўнівэрсытэту вельмі непрыемныя пытаньні. Так, адна наша дзяўчына сказала, што не давярае датэрміноваму галасаваньню, і пайду толькі 17-га. На што рэктар нашага ўнівэрсытэту Аляксандар Косінец заявіў: “Давай ты разам з участковай камісіяй падпішасься, калі будуць апячатваць скрыні для галасаваньня. Потым я цябе асабіста прывяду, калі іх будуць адчыняць. І калі ты ня знойдзеш там свайго бюлетэня, я сыду з пасады рэктара. А калі знойдзеш – то ўжо ня будзеш насіць ганаровага званьня студэнта нашага ўнівэрсытэту”.

Падобныя сытуацыі, калі кіраўніцтва ўгаворвае , прымушае, ці нават шантажуе студэнтаў, узьнікалі, да прыкладу, і ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.

(Студэнтка): -- У нас зьбіралі інфармацыю, хто дзе жыве, і ў каго якая выбарчая акруга. Калі ж я запыталася ў дэкана, чаму я мушу прагаласаваць датэрмінова, ён адказаў: “Проста я цябе прашу. А іначай у нас сапсуюцца ўзаемаадносіны”.

На знак пратэсту супраць падобных просьбаў студэнты 43-й групы беларускай філялёгіі напісалі адкрыты ліст да дэкана Віктара Несьцяровіча -- пра тое, што права на свабодныя выбары зафіксавана у беларускай Канстытуцыі. І ніхто ня можа яго парушаць, нават абяцаючы ўзамен датэрміновага галасаваньня лішні выходны дзень у суботу, 16-га кастрычніка.

А тым студэнтам, хто не адважваецца на адкрыты пратэст, прапанаваў сваю прававую дапамогу лідэр «Маладой Беларусі» Павал Севярынец. Ад учорашняга дня ў Віцебску дзейнічаюць адмысловыя назіральныя групы, створаныя паводле ягонай ініцыятывы. Яны праводзяць рэйды па навучальных установах і гатовыя зафіксаваць любое парушэньне выбарчага заканадаўства ў дачыненьні да студэнтаў, каб зьвярнуцца з гэтым у суд ці пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG