Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: чым запомнілася перадвыбарчая агітацыя?


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі другі дзень працягваецца датэрміновае галасаваньне. Адначасна вядзецца агітацыйная кампанія арганізатараў рэфэрэндуму і кандыдатаў у дэпутаты. Якая агітацыя мае найбольшы ўплыў на выбарцаў? Пра гэта ў мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Якая форма агітацыі ў часе гэтай выбарчай кампаніі вам запомнілася найбольш і чаму?”

(Спадар: ) “Ніхто мяне не агітуе, але на выбары я схаджу, абавязкова”.

(Спадар: ) “Ну, агітацыя ў нас толькі адна — за рэфэрэндум павальная агітацыя ідзе. А супраць жа забараняюць, хоць паводле закону гэта не забаронена”.

(Спадар: ) “Значыцца, запомніў толькі апазыцыю, якая супраць Лукашэнкі. Падабаецца іхны падыход да дзейнага рэжыму: ён рэальны й правільны. І гэткія людзі павінныя сядзець у дэпутацкіх крэслах і кіраваць дзяржаваю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці запомнілася вам у часе гэтай выбарчай кампаніі агітацыя? Чыя і чаму?”

(Юнак: ) “На жаль, нічога не запомніў, нічыёй агітацыі”.

(Юначка: ) “Запомніла, бо я вучуся ў Акадэміі музыкі, у нас учора выступаў адзін з кандыдатаў. Ягоная прамова была скіраваная да моладзі, гэта было прыемна”.

(Спадар: ) “Нават і ня ведаю. Магчыма, Багданкевіч. Адзіны, каго я бачыў і ведаю”.

(Спадарыня: ) “Кісялёў, ня ведаю ягонага імя. Гэда дэпутат савету Палаты прадстаўнікоў, па-мойму, ён нават старшыня гэтай камісіі. Вось гэта мне спадабалася. І калі ён вылучыў сябе, значыць, напэўна, ён ведае сваю працу. Таму няхай і працягвае сваю працу”.

(Спадарыня: ) “Ну, больш за ўсё прэзыдэнт запамінаецца, бо агітацыя вельмі навязьлівая. Проста лезе ў вушы пастаянна й на кожным кроку”.

(Юнак: ) “Найлепшая форма — інтэрнэт-агітацыя на сайтах, як апазыцыйных, так і неапазыцыйных. Тэлевізіі ў інтэрнаце няма. Там вісяць гэтыя абвесткі пра кандыдатаў, у той час, як цяпер здымаюць кандыдатаў з Аб’яднанаай грамадзянскай партыі й іншых. Таму лепш карыстацца незалежнымі крыніцамі”.

(Спадарыня: ) “У гэтай выбарчай кампаніі яно так відавочна, гэтае нагнятаньне праз радыё і тэлебачаньне — заўсёды адзін голас нам знаёмы. І ўсё навокал так прыгожа, у нас усё так добра раптам зрабілася, але раптам нічога не бывае. А хацелася бы, каб было, як ва ўсім сьвеце цывілізаваным: калі тавар харошы, дык пакупнік кажа, што ён мне падабаецца, я яго вазьму. А калі гэтак навязваецца... За мяжу ня хочацца, хочацца быць тут — і каб дзеці нашыя тут былі. Хочацца быць дома, каб дом наш быў годны”.
XS
SM
MD
LG