Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пяцёрка плюс” вырашыла не здымаць сваіх кандыдатаў і стварыць супольны інфармацыйны цэнтар


Валер Каліноўскі, Менск На сёньняшнім паседжаньні кіраўнікоў партыяў, якія падтрымліваюць плятформу “Пяцёркі плюс”, абмяркоўвалася магчымасьць зняцьця дэмакратычных кандыдатаў у тых акругах, дзе балятуецца па некалькі прадстаўнікоў кааліцыі. Ва ўмовах, калі ўлады здымаюць зь перадвыбарчай гонкі дэмакратычных кандыдатаў, апазыцыяй вырашана пакінуць у акругах усіх сваіх кандыдатаў.

Кіраўнікі партыяў “Пяцёркі плюс” абмяркоўвалі магчымасьць зьняцьця ўсіх сваіх кандыдатаў на знак пратэсту супраць парушэньняў выбарчага заканадаўства. Аднак, узважыўшы ўсе плюсы і мінусы, лідэры апазыцыі вырашылі адмовіцца ад такога кроку. Грамадзянская кааліцыя “Пяцёрка плюс” у тых акругах, дзе не засталося дэмакратычных кандыдатаў, заклікала выбаршчыкаў галасаваць супраць усіх. Акрамя таго, выбарчая кааліцыя засяродзіць сваю працу на агітацыі супраць рэфэрэндуму і зборы зьвестак аб парушэньнях, якія будуць пазьней апублікаваныя адмысловым камітэтам. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Рашэньне прынятае такое: мы ідзем да канца. 18-га не заканчваецца гісторыя Беларусі, і 17-га не завяршаецца нашая барацьба з гэтым рэжымам. Наадварот, мы ўступаем у новы пэрыяд, калі супарцьстаяньне будзе больш рэльефным і жорсткім. Людзі ў большасьці разумеюць, што няма выбару, што іх голас ня будзе ўлічаны ў многіх сытуацыях, і я думаю, мы павінны вырашыць самую галоўную задачу: зрабіць, каб падмурак дэмакратычнай апазыцыі складаў не 25%, як гэтым летам, а 50”.

Кіраўнікі апазыцыі сёньня заявілі пра грубае парушэньне ўладамі права на агітацыю супраць рэфэрэндуму, парушэньне прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах і рэфэрэндуме ды відавочнай падрыхтоўцы да фальсыфікацыі вынікаў абедзьвюх кампаніяў, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня. Сёньня ж было вырашана стварыць адзіны інфармацыйны цэнтар апазыцыйных партыяў.

Лідэры апазыцыйных партыяў таксама выказаліся за ўдзел у акцыі падвядзеньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 18 кастрычніка ў Менску. Была станоўча ацэненая ініцыятыва, каб выбаршчыкі, ня згодныя з працягам паўнамоцтваў Лукашэнкі, пакідалі ў сябе частку бюлетэня з подпісамі сябраў выбарчых камісіяў. Акрамя таго, лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што апазыцыя будзе дамагацца, каб візавыя санкцыі Эўразьвязу накладаліся і на асобаў, якія будуць удзельнічаць у фальсыфікацыях вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG