Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбарчы спэктакль, дзе ўсе мы — у ролі статыстаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Хоць да 17 кастрычніка яшчэ некалькі дзён, выбары і рэфэрэндум у Беларусі ўжо фактычна пачаліся — разам з датэрміновым галасаваньнем, удзельнічаць у якім людзей у шэрагу выпадкаў прымушаюць. Выбары і рэфэрэндум — галоўная тэма ўсіх лістоў, якія прыходзяць у гэтыя дні ў рэдакцыю Свабоды. Вось што піша нам Алесь Лойка зь вёскі Горваль Рэчыцкага раёну:

“Ужо па тым, як фармавалі выбарчыя камісіі ды рэгістравалі кандыдатаў, было відаць, што гэта за выбары. Улада сама кантралюе кампанію і сама сябе выбірае. Як бы народ ні галасаваў, яны падлічаць усё так, як захочуць. Толькі сьляпы чалавек гэтага ня бачыць і не разумее. На датэрміновае галасаваньне, як звычайна, пагоняць гонам — вайскоўцаў, міліцыянтаў, студэнтаў, працоўны люд. Чаму? Бо так робіцца асноўнае фальшаваньне. Што там будзе з гэтымі скрынкамі, аднаму Богу вядома. Назіральнікаў няма, а міліцыянт — чалавек паднявольны.

Ці прарвуцца ў парлямэнт дэмакраты? Упэўнены, што не. Ім проста далі пагуляць у гэтую гульню, каб потым на ўвесь сьвет трубіць пра тое, якая выдатная ў нас дэмакратыя. А за дэмакратаў, маўляў, ніхто не галасуе, народ іх не прымае. Мяне зьдзіўляе тое, што склад камісіяў усіх узроўняў на 80% — настаўнікі ды выхавальнікі дзіцячых садкоў. Людзі, якія вучаць дзяцей быць сумленнымі й праўдзівымі, самі ўчыняюць злачынствы альбо моўчкі назіраюць, як гэта робяць іншыя, прыкрываючыся іхнымі імёнамі. Як такое магчыма? Такіх выбараў ды рэфэрэндуму ня можа прызнаць легітымнымі ні адна цывілізаваная дзяржава. За гэты рэфэрэндум трэба зрабіць невыязнымі ўсіх судзьдзяў Канстытуцыйнага суду”.

Сапраўды, спадар Лойка, паводзіны ў гэтай сытуацыі беларускай інтэлігенцыі — настаўнікаў, дробных чыноўнікаў, мэдыкаў, якія складаюць аснову выбарчых камісіяў усіх узроўняў — вялікая й важная тэма. Многае нібыта можна патлумачыць залежным, прыгнечаным станам гэтых людзей, страхам, боязьзю згубіць тое нямногае, што маюць. Але праблема, на маю думку, ня толькі ў гэтым. Ведаю некаторых з гэтых людзей, якія шчыра ўпэўненыя ў тым, што іхная функцыя ў складзе камісіяў у тым і заключаецца, каб выконваць загады райвыканкаму — так, як раней райкаму партыі. Яны нават думкі не дапускаюць пра тое, што іхныя дзеяньні падпадаюць пад Крымінальны кодэкс. Ну, каму ў 1970-я гады прыйшло б у галаву судзіць сябра камісіі за тое, што ён налічыў 99% бюлетэняў за кандыдата ад “непарушнага блёку камуністаў ды беспартыйных”? Яны проста бачаць, што вярнуліся ранейшыя парадкі, з ранейшымі гульнямі ў выбары.

Ліст ад менскага слухача Міхаіла Салаўёва. Ён піша:

“Пытаньне рэфэрэндуму сфармуляванае так, што многія людзі не разумеюць яго сапраўднага сэнсу, таму і прагаласуюць “за”. Важна патлумачыць такім людзям, што ў першай частцы пытаньня прэзыдэнт па сутнасьці пытаецца наступнае: “Ці дазваляеце вы мне абірацца на трэці тэрмін, хоць Канстытуцыя, якую вы прымалі ў 1996 годзе, дазваляе толькі два тэрміны?” У другой жа частцы пытаньня Лукашэнка фактычна пытаецца наступнае: “Ці дазваляеце вы скасаваць з Канстытуцыі запіс, які забараняе займаць пасаду прэзыдэнта больш як два тэрміны, каб я мог абірацца на трэці і ўсе наступныя тэрміны — аж да пажыцьцёвага ўладараньня?”

Гэтую сапраўдную сутнасьць дзяржаўныя мэдыі старанна хаваюць. А людзі, якія не займаюцца палітыкай, гэтага ня ведаюць. Такіх выбарцаў, на маю думку, большасьць. Калі б яны зразумелі хітрыкі ўлады, дык не паддаліся б на іх”.

Паводле статыстыкі, спадар Салаўёў, 99% беларусаў умеюць чытаць і пісаць, а большасьць грамадзянаў краіны маюць сярэднюю й вышэйшую адукацыю. Гэтага зусім дастаткова дзеля таго, каб зразумець сапраўдны сэнс пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум. Сапраўды, многія ня хочуць абцяжарваць сябе пытаньнямі пра юрыдычны зьмест гэтай праблемы і лічаць, што будуць галасаваць на рэфэрэндуме за ці супраць Лукашэнкі, ягонай просьбы ўдзельнічаць у наступных выбарах. Хоць насамрэч размова ідзе пра тое, якой будзе Беларусь праз 10 і 20 гадоў, ці будуць мець права дзеці і ўнукі сёньняшніх выбарцаў выбіраць сваю ўладу. Чалавек пісьменны й адказны павінен гэта ўсьведамляць. А калі не ўсьведамляе — напэўна, ён варты свайго цяперашняга жыцьця і наўрад ці можа разьлічваць на іншае.

Ліст ад Паўла Юшкевіча зь Віцебску. Слухач піша:

“Да нядаўняга часу я хацеў байкатаваць выбары і рэфэрэндум. Але сачу за сытуацыяй і усё больш сумняюся. Цяпер вось думаю, што рабіць. Калі не пайду, могуць падкінуць бюлетэнь. А калі пайду — тады, можа, мой голас і не прападзе. Асабліва калі пайду ў апошні дзень, і нават, можа, увечары. Улады ўсё робяць, як і раней. Пачынаецца датэрміновае галасаваньне — пагоняць галасаваць вайскоўцаў, кантрактнікаў і г.д. Ці будзе тады сэнс ісьці на гэты спэктакль? Можа, усё ж лепш байкатаваць?”

Адназначную параду даць цяжка, спадар Волін. Усе вашыя апасеньні выглядаюць зусім абгрунтаванымі. Калі вы пастаянна слухаеце Свабоду, то, відаць, ведаеце, што няма адзінай думкі на гэты конт і сярод дэмакратычных сілаў. Ад самага пачатку заклікае да байкоту Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Але яна — у меншасьці: большасьць дэмакратычных партыяў у выбарах вырашыла ўдзельнічаць. Хоць некаторыя (напрыклад, АГП) на знак пратэсту супраць дыскрымінацыі сваіх кандыдатаў вырашае, ці не адклікаць у апошні момант усіх сваіх вылучэнцаў.

А вось фонд “За новую Беларусь”, у які ўваходзяць такія вядомыя асобы як Васіль Лявонаў, Аляксандар Вайтовіч, Уладзімер Колас, Гары Паганяйла, прапануе разразаць бюлетэні: адну палову кінуць у скрынку для галасаваньня, а другую перадаць дэмакратычным кандыдатам ці іх давераным асобам, якія будуць весьці незалежны падлік галасоў.

Праваабаронца Аксана Новікава зь Менску ў сваім электронным лісьце на Свабоду расказвае пра змаганьне жыхароў прыватнага сэктару Менску за свае правы. Слухачка піша:

“Усе тыя подпісы, якія мы зьбіралі пад лістом да прэзыдэнта з нагоды зносу прыватнага сэктара, былі з адміністрацыі прэзыдэнта зноў накіраваныя ў Менгарвыканкам. А адтуль прыйшоў стандартны адказ, што тая зямля, якую людзі доўгія гады палівалі сваім потам, мае вялікую горадабудаўнічую каштоўнасьць. Людзі ж, якія там жывуць, адпаведна, каштоўнасьці не ўяўляюць, а таму ўсіх іх можна адсяліць на падставе ўказа 165. Цяпер зусім зразумела, што пазбаўленьне ўласнасьці (па сутнасьці — другое раскулачваньне) адбываецца зь ведама і на загад галоўнай асобы ў дзяржаве.

Цяпер жа гэтая асоба вырашыла яшчэ папрасіцца на бестэрміновае прэзыдэнцтва (хоць ім самім гэта, відавочна, даўно ўжо вырашана). Пойдзем мы на выбары і рэфэрэндум ці не — ня мае значэньня. Галоўнае, каб мы сказалі сваё “не” ў душы, а ня толькі на паперы. Хоць вынік рэфэрэндуму, які нам абвесьцяць 18 кастрычніка, ужо вядомы, але чым больш людзей выкажуцца супраць, тым цяжэй уладам будзе хлусіць, нібы ўсе “за”.

На заканчэньне — ліст ад Мікалая Воліна зь Менску:

“Вартыя сьмеху цьверджаньні, нібы ў Беларусі няма асобы, здольнай стаць лепшым прэзыдэнтам, чым Лукашэнка. Любы разумны кіраўнік не давёў бы краіну да такога становішча, у якім яна апынулася сёньня. А ў Беларусі нямала здольных адукаваных людзей. Іншая рэч, што многіх зь іх — такіх як Лявонаў, Чыгір, Старавойтаў — Лукашэнка спрабуе дыскрэдытаваць. Яны былі асуджаныя паводле сумнеўных абвінавачаньняў судзьдзямі, якія цалкам залежныя ад Лукашэнкі. А які лёс напаткаў вядомых палітыкаў — Ганчара і Захаранку, якія маглі ўзначаліць краіну?

Вядомы расейскі палітык Караганаў заявіў, што ведае прынамсі 10 чалавек, якія былі б неблагімі прэзыдэнтамі. Насамрэч, такіх значна больш, бо ўзровень адукаванасьці беларускага народу дастаткова высокі, і гэта прызнаюць заходнія адмыслоўцы. Відавочна, што новы разумны прэзыдэнт Беларусі пастараўся б зрабіць краіну нармальнай эўрапейскай краінай — і гэта прывяло б да паляпшэньня жыцьця людзей, матэрыяльнага і духоўнага”.

Адукаваных і разумных палітыкаў ды грамадзкіх дзеячаў, спадар Волін, сапраўды, нямала. Няма недахопу і ў тых, хто хацеў бы стаць прэзыдэнтам. Пытаньне ў тым, хто зь іх здольны законным чынам заваяваць уладу ў Беларусі. Зрабіць гэта ў сёньняшніх умовах надзвычай складана. Але ў тым і заключаецца талент палітыка, каб выявіць сваю здольнасьць дасягаць мэты насуперак самым неспрыяльным абставінам. Наіўна спадзявацца, што ўлада сама ўпадзе камусьці ў рукі толькі таму, што ён разумны і адукаваны чалавек.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Васіль Бусел і Анатоль Скуратовіч зь Менску, Валянцін Цішко з Маладэчна і Аляксандар Багданец з украінскага мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG