Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пры паведамленьні пра мітынг у Менску ў “Свабоды” па-расейску адразу ж зьявіліся памехі, а калі скончылася – нармальна стала гучаць”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 11 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Слухач: ) (1) “Вітаю вас, шаноўнае панства. Найперш, хачу шчыра паспачуваць усяму ізраільскаму народу і ўсяму пакістанскаму народу ў сувязі са зьдзейсьненымі тэрактамі, у якіх загінулі ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі. Тэрарысты – гэта нелюдзі, гэта Сатана, і няма ім апраўданьня. А цяпер вярнуся да нашых беларускіх праблемаў. Сьмешна й страшна становіцца, калі бачыш, як беларускі дыктатар, адзіны алігарх у краіне, гаворыць пра барацьбу з тэрарызмам, а сам адкрывае помнік аднаму з галоўных тэрарыстаў плянэты, Фэліксу Дзяржынскаму, які загубіў мільёны чалавечых душаў і які стварыў шматтысячную армію бяздоглядных дзяцей. І калі беларускі дыктатар расхвальвае гэтую пачвару Дзяржынскага, называе яго “вялікім чалавекам” – то я хачу ўсім вам задаць пытаньне: кім усё-такі ён ёсьць, беларускі дыктатар, і на чыім ён баку? Дзякую за ўвагу”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (1) “Добры вечар. Я хачу спыніцца на некалькіх пытаньнях. Да гэтага званка мяне падштурхнула перадача, у якой удзельнічаў Юры Дракахруст, а на пытаньні адказваў дырэктар расійскай праграмы Мікалай Злобін. Найперш, я б хацеў нагадаць, што перад тым, як Штаты нанесьлі ўдар па Іраку, яны аб’яўлялі, што там ёсьць ядзерная зброя. У выніку, сёньня вядома, што няма й не было, і ўсе напрацоўкі былі зьнішчаны 8-10 гадоў таму. Але найцікавей за ўсё тое, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў заявіў: “А ён хацеў мець”. А калі гэта так, то сёньня Злучаным Штатам ваяваць не з адным дзесяткам краінаў, у якіх дыктатары жадаюць мець ядзерную зброю – дзіўная лёгіка, ці ня так? Па–другое, нешта падобнае адбываецца, і адбылося ўжо – у тым, што прыняў Кангрэс і Сэнат Злучаных Штатаў супраць Беларусі. Так, у Беларусі ёсьць праблемы, безумоўна, ёсьць парушэньні – але ж ёсьць шмат краінаў, дзе парушэньні маюць сапраўды масавы характар. Вось, Латвія – яе прымаюць і ў Эўразьвяз, і гэтак далей – і што цікава, нягледзячы на шматкроць прадстаўленыя мною доказныя матэрыялы, вы пра гэта маўчыце”.

(Слухач: ) (2) “Шаноўнае панства. Я зьвяртаюся да народу незалежнай Украіны. Украінцы, колькі можна таптацца на месцы, колькі можна жыць з пастаяннымі праблемамі, у якіх няма канца і краю? Але ж украінцы – гэта эўрапейскі, працавіты, мужны, стойкі, і адначасна, добры народ. Вы проста абавязаны вырвацца з гэтага імпэрска-расейскага пекла, якое не дае ні вам, украінцам, ні нам, беларусам, жыць па-чалавечы. У маіх жылах таксама цячэ вашая ўкраінская кроў, і таму я хачу папрасіць вас: калі ласка, хутка у вас выбары прэзыдэнта Ўкраіны. Зрабіце, прашу, правільны выбар, выберыце Юшчанку. Ён сапраўдны патрыёт Украіны, ён праўдзівы і граматны чалавек, дэмакрат. Зь Юшчанкам у вас будзе будучыня, і ваша незалежнасьць. Зь Юшчанкам Украіна будзе квітнеючай, дэмакратычнай, эўрапейскай краінай. Зь Юшчанакам Украіна будзе ў Эўразьвязе, NATO, а гэта – проста чалавечае жыцьцё й чалавечая бясьпека. Дзякуй за ўвагу, і беражы, Божа, незалежную, эўрапейскую Ўкраіну!”

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (2) “Я тэлефаную ў сувязі з заявай спадара Шушкевіча пра тое, што нібыта для прэзыдэнта Беларусі найбольш небясьпечна, калі рассакрэцяцца яго рахункі ў заходніх банках. Я зьдзіўлены, як такі дасьведчаны палітык як спадар Шушкевіч гаворыць, мякка кажучы, такое глупства. Бо, калі б у прэзыдэнта Беларусі былі рахункі, яны былі б даўно апублікаваныя – больш за тое, у друк трапіла б і доказная база – то бок, належыць прадставіць пашпарт, альбо ксэракс пашпарта. Так некалі было зроблена ў адносінах да крамлёўскага загадчыка гаспадаркі – я сам бачыў апублікаваны ў заходнім друку ксэракс яго пашпарта. Таму я зьдзіўляюся, што чалавек дасьведчаны, былы кіраўнік дзяржавы, сьцьвярджае такія бяздоказныя рэчы. Яшчэ раз паўтару – калі б у прэзыдэнта Беларусі былі рахункі, яны былі б даўно рассакрэчаныя, і ня трэба было б аніякіх Актаў прымаць, бо гэта б яго дыскрэдытавала. На шчасьце, гэтага няма”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (3) “Я хачу выказаць некаторыя меркаваньні наконт рашэньня парлямэнту Злучаных Штатаў, Кангрэсу й Сэнату наконт Беларусі. Гэтае рашэньне зьвязана не столькі з клопатам амэрыканцаў пра дэмакратыю ў Беларусі, колькі з рознамаітымі нутранымі праблемамі. Як вядома, 110 вядомых дзеячоў ЗША накіравалі прэзыдэнту Бушу досыць рэзкае пасланьне з патрабаваньнем зьвярнуць увагу на падзеі ў Расеі. І, мне думаецца, што каб у пэўнай ступені гэта кампэнсаваць і паказаць перад выбарамі, што амэрыканцы займаюцца краінамі, у якіх не зусім дэмакратычныя рэжымы, зьявілася і Беларусь, як саюзьніца Расеі. Гэта тое, што ў камэнтарах спэцыялістаў чамусьці застаецца па-за ўвагай. Праўда, учора вы перадалі цікавае паведамленьне прафэсара Роджэра Патоцкага пра тое, што амэрыканцы пачынаюць пераглядаць свае зьнешнепалітычныя прыярытэты, і ўключаюць Беларусь у шэраг стратэгічных інтарэсаў. Пакуль што гэта здаецца мне досыць дзіўным – але ўсё можа быць”.

(Слухач: ) “Пытаньне: чаму няма сёньня “Свабоды”? Ва ўсім радыёпрыймачы – няма “Свабоды”, толькі хрыпіць”.

(Спадар: ) “Хацелася б праз вашу “Свабоду” зьдзівіцца “сьвятой наіўнасьці” Станіслава Шушкевіча, які гаворыць, што Лукашэнку найболей пагражае апублікаваньне рахункаў. Мінулым разам, перад абраньнем у прэзыдэнты, было апублікавана пра Лукашэнку тое, што ў яго адзін матацыкл на ўсё сямейства. Хто ў гэта паверыць? Ну, хто можа праверыць, і хто асьмеліцца сказаць, што гэта ня так? Так што, выбачайце, шаноўны спадар Шушкевіч, канешне, “сьвятая наіўнасьць” – гэта добра, але тое ўжо занадта”.

(Генадзь, Менск: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, прыняты Кангрэсам Злучаных Штатаў Амэрыкі й зацьверджаны Сэнатам, зьяўляецца абсалютна правільным. Бо дыктатарскі рэжым удае сабой пагрозу ня толькі Эўропе, у цэнтры якой знаходзіцца Беларусь, але і ўсяму сусьветнаму супольніцтву. Злучаныя штаты Амэрыкі зьяўляюцца самай дэмакратычнай дзяржавай у сьвеце, і самай моцнай; яна мае на тое права. У Беларусі парушаюцца правы чалавека, зьнішчаюцца недзяржаўныя арганізацыі, незалежныя прафсаюзы; зьнішчаюцца сумленныя людзі – іх кідаюць у турму. Лукашэнка прадае зброю тэрарыстычным арабскім краінам – зброю, якую яны выкарыстоўваюць потым супраць ЗША. Так што Злучаныя Штаты Амэрыкі маюць поўнае права прыняць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, і як мага хутчэй увесьці самыя жорсткія санкцыі супраць гэтага антынароднага рэжыму”.

(Слухач: ) “Паслухайце, як раве ўся шкала радыёпрыймача! Пераходзьце на трансьляцыю пасьля 24-х гадзін, як было пры сталінізьме! [Дэманстрацыя таго, як “раве” радыёпрыймач]. Вось так!”

(Мікалай Чыбісаў, Казлоўшчына, Мядзельскі раён: ) “У сродках масавай інфармацыі ідзе інфармацыя пра значны ўнёсак Беларусі ў перамогу над фашысцкай Германіяй – пры гэтым загінуў кожны чацьверты беларус. Хто бы мог падумаць, што 60 гадоў пасьля перамогі над фашысцкай Германіяй прыйдзе да ўлады ў Беларусі прэзыдэнт, які будзе глуміцца над тымі загінуўшымі вайскоўцамі, якія ваявалі за справядлівасьць, законы на беларускай зямлі? Як можна зьняважыць памяць загінуўшых, калі суайчыньнікі жывуць у галечы, як можна спыняць аўтаматамі лепшых людзей Беларусі?! Перадайце ў Нацыянальную палату – якая эўрапейская супольнасьць спыніць глумленьне над беларускім народам, продкі якога загінулі ў вайне за лепшае жыцьцё? Дзякую”.

(Спадар: ) “Я – грамадзянін Беларусі, я б хацеў задаць такое пытаньне: чаму “Радыё Свабода” нічога не гаворыць пра тых людзей, якія нібы прадстаўляюць краіны СНД?”.

(Спадар: ) “Прарэктар па выхаваўчай рабоце, Чумеркін Рыгор Іванавіч, па радыё абвясьціў 16-га кастрычніка непрацоўным днём, загадаў выхавацелям інтэрнатаў забясьпечыць датэрміновае галасаваньне выхаванцаў, пад пагрозай высяленьня зь інтэрната. Да пабачэньня”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (4) “Зараз ноч, набліжаецца ранак. Я часам працую па начах. Абдумваю наступствы прынятага Кангрэсам ЗША і Сэнатам вырашэньня. І калі гэтае рашэньне будзе падпісана прэзыдэнтам Злучаных Штатаў і, адпаведна, набудзе сілу закона – аб’ектыўна трэба сказаць, што гэтае вырашэньне прынята ня супраць адной асобы – напрыклад, прэзыдэнта – яно прынята, у цэлым, супраць усёй краіны, супраць беларускага народа, супраць народаў, якія насяляюць Беларусь. Чаму я гэта сьцьвярджаю? Справа ў тым, што гэтае палітычна неабгрунтаванае рашэньне можа прывесьці да таго, што сапсуюцца стасункі зь Міжнародным валютным фондам, з Сусьветным эўрапейскім банкам рэканструкцыі й разьвіцьця. Больш за тое, калі ўлічыць, што Беларусь уваходзіць у дзесятак краін сьвету, у якіх большая частка ўнутранага прадукту ідзе на экспарт – у тым ліку дзесьці 30% у краіны Эўропы – то зразумела, што, калі эўрапейцы возьмуць “пад казырок”, мы згубім дзесяткі тысячаў працоўных месцаў і г.д. Гэта, па сутнасьці, даводзіць, што рашэньне накіраванае супраць Беларусі, супраць беларускага народа. Усяго добрага”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (5) “Я хачу працягнуць. Яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што, паколькі Беларусь зьяўляецца высокаразьвітай індустрыйнай дзяржавай, у якой большая частка валавага ўнутранага прадукту ідзе на экспарт, у тым ліку каля трэці – у краіны Эўропы (апрача таго, з краінамі Эўропы маюцца пакуль што някепскія тэхналягічныя стасункі й някепскія пэрспэктывы, я добра ведаю), дык гэтае рашэньне можа прывесьці да згортваньня ўстаноўленых стасункаў, да зьмяншэньня экспарту ў краіны Заходняй Эўропы й г.д. Гэтае рашэньне можа прывесьці да павелічэньня беспрацоўя, да істотнага пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча на Беларусі. Адпаведна, рашэньне амэрыканскага Кангрэса й Сэната падпісанае прэзыдэнтам ЗША, аб’ектыўна – я падкрэсьліваю, аб’ектыўна – накіравана ня супраць прэзыдэнта, а супраць Беларусі, супраць усяго народа, супраць усіх народаў, якія насяляюць Беларусь. Вось гэта трэба перадаць у эфір – калі, канешне, вы гэта зможаце, калі вам дазволіць унутраная цэнзура, самацэнзура, і калі, канешне, ня будзеце аглядацца на тых, хто фінансуе. Гэта пакуль што не прагучала ў вас у эфіры, у ніводнай перадачы”.

(Спадар: ) “Апошнія дні па беларускім тэлебачаньні нам тлумачаць, дакладней, указваюць, як запаўняць бюлетэнь пры галасаваньні на рэфэрэндуме. І пастаянна ўказваюць, што трэба ставіць любы знак у квадрацік “За”. А вось дзе “Супраць” – такое ўражаньне, што ён існуе адно для памылак. Простым людзям не дазваніцца да Лідзіі Ярмошынай, таму просьба да вас, радыёстанцыя “Свабода”: дазваніцеся й даведайцеся, навошта, усё-такі, квадрацік, дзе напісана “Супраць”? Ці ён толькі для “памылак”?”

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (6) “Добрага ранку. Пасьля начных тэлефанаваньняў выслухаў толькі што перадачу спадара Цыганкова “Званкі на “Свабоду”, і не магу не пазваніць. Такое адчуваньне, што вы выбіраеце званкі маргіналаў і дэбілаў. Цьверджаньні абсалютна бяздоказныя. Не разумеюць людзі, што гэтае рашэньне можа адгукнуцца на матэрыяльным дабрабыце тысячаў і тысячаў грамадзянаў Беларусі, якія могуць пазбавіцца – з-за прыняцьця эканамічных санкцыяў – працы й інш. Няўжо не зразумела, што людзям, якія займаюць кіраўнічыя пасады, гэта не пашкодзіць? А пашкодзіць гэта простым людзям. Тая ж пэнсіянэрка, якая не разумее, якая выжыла з розуму – выбачайце за грубыя словы – можа пазбавіцца сваёй пэнсіі, яе будуць выплочваць несвоечасова, і г.д. Беларусь жа – экспартная краіна, адна трэць вытваральнага ВВП ідзе ў Заходнюю Эўропу. Ня будзе грошаў – ня будзе адносна забясьпечанага жыцьця”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (7) “Я толькі што праслухаў перадачу “Экспэрыза “Свабоды”. Як заўсёды, праводзіў яе дужа разумны Валеры Карбалевіч. Удзельнічалі спадар Скуратовіч і спадар Раманчук. Дарэчы, артыкулы Раманчука ў беларускім друку, як я лічу – файныя артыкулы. Але, на жаль, яго ўдзел у перадачы паказаў, што ён гаворыць ня тое, што ведае. Ну давайце зірнем, якое рэальнае жыцьцё ў суседніх краінах і ў Беларусі. Бо прыводзяцца ж лічбы, яўна не адпаведныя рэчаіснасьці. Сказана, што ў Беларусі беспрацоўных – 100 тысячаў, але ж і ў Латвіі афіцыйна 100 тысячаў; але ж у Латвіі насельніцтва – 2,3 мільёна, а ў Беларусі – 10 мільёнаў. У Латвіі па рэгіёнах толькі афіцыйнае беспрацоўе зашкальвае – 25-28%, а неафіцыйна – у паўтары разы больш. Цяпер – цікавая лічба: калі я быў у Менску гэтым летам, я цікавіўся, колькі зарабляюць дворнікі, людзі, якія прыбіраюць цэнтар Менску і вуліцы ня толькі ў цэнтры. З гэтымі людзьмі я размаўляў, асабліва з жанчынамі – аказваецца, заробак у той час у іх быў цалкам прыстойны, то бок, мне называлі агульную лічбу ў месяц, з даплатамі – 350-400 тысячаў”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (8) “Я працягваю. Вось спадар Скуратовіч гаворыць: “Параўноўваць з Расеяй некарэктна”. Дужа карэктна, спадар Скуратовіч. Так, Расея розная – у Маскве жыцьцё лепшае, чым у Менску; але ад’едзьце 70 км ад Масквы і паглядзіце, што робіцца. І вы ўбачыце, што там значна горай людзі жывуць, і матэрыяльна, і сацыяльна, чым за 70 км ад Менску. Так што дужа карэктна параўноўваць, тым болей, што Расея – гэта багатая краіна, дзе ёсьць нафта, газ, мэталь і г.д., чаго ў Беларусі няма. Я зьдзіўляюся – нашто вы гаворыце людзям няпраўду. Так, вы можаце быць у апазыцыі, але ж ня трэба хлусіць, урэшце. Я ня буду галаслоўным – я магу шмат лічбаў прывесьці, і сякія-такія матэрыялы выслаць – аб’ектыўныя, абгрунтаваныя на зьвестках статыстычных упраў суседніх краінаў. Усяго найлепшага”.

(Спадар: ) “Добрага ранку. Я хачу сказаць наконт той заявы амэрыканскіх сэнатараў ці Кангрэса, наконт Беларусі. Усё ж такі, там трэба неяк лепей абазначыць, што народ там, як кажуць – ні пры чым. Гэта – цуд у пер’і, ёсьць прэтэнзіі да Лукашэнкі, ці як яго назваць, з яго прыбліжанымі – дык, калі ласка, трэба ж так і сказаць: “вось, гэта мы маем на ўвазе яго”. І калі вы, па глупстве ці інакш, будзеце падтрымліваць, будуць санкцыі – трэба ж патлумачыць. Таму што – перахопліваюць гэта яго клоўны і пачынаюць па-свойму інтэрпрэтаваць. А тут жа ёсьць што – глядзіце, кандыдаты ў дэпутаты – забаранілі, не пускаюць нікуды, сустрэцца зь людзьмі… Колас прыйшоў, балятуецца ў нас, я пытаюся ў яго: “Уладзімер, дарагі, ну як жа так, нават у школу не пускаюць, прыходзіцца размаўляць на вуліцы?”. Дзе гэта бачана? Страшнае, чорнае наляцела на нашую рэспубліку – дзе вы такое бачылі? Як ён сказаў, “я нараджаў грошы”, вы падумайце толькі – ён цар, ехаў і раздаваў грошы. Гэта ж “ізуверства”, такога і ў прыродзе няма, што ён вырабляе. Дык трэба так і гаварыць, трэба пра яго – і людзі тут ні пры чым, і ня санкцыі нейкія эканамічныя. Нам і так жыцьця няма ад яго, ад усіх, дзесяць гадоў гробяць нас”.

(Спадар: ) “Прайшло больш за два тэрміны прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Надзеі народа на лепшае жыцьцё, мякка кажучы, ня спраўдзіліся. Лукашэнка ня выканаў сваіх перадвыбарных абяцаньняў. Ён ня здольны зьмяніць нашае жыцьцё да лепшага. На любы момант гучалі зь яго вуснаў толькі папулісцкія заявы, і нават усхваленьні, што і ў Гітлера ня ўсё было толькі кепскім. Адначасна ж ён у народа просіць пажыцьцёва працягнуць свае паўнамоцтвы. Мы павінны заявіць з поўнай адказнасьцю: “Не – такім паўнамоцтвам, не – такім паўнамоцтвам”. Да сустрэчы”.

(Спадарыня: ) (1) ““Свабода” перадала, што ў 2000-м годзе амаль што не было падзей палітычных. Што, забылі 25-га сакавіка? Калі больш за 1000 чалавек арыштавалі, зьбілі намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беленькага, калі тады пайшлі суды… 25-га сакавіка стаялі на плошчы Якуба Коласа бронетранспартэры, і хапалі ўсіх – кідалі, гвалцілі, зьбівалі. Вы кажаце, што нічога не адбылося ў гэтым годзе – і ці ня сорамна вам, работнікі “Радыё Свабода”?”

(Спадарыня: ) (2) “Сяргей Шупа! Вы вельмі кепска падрыхтавалі сваю перадачу. Вы сказалі, што ў 2000-м годзе не было ніякіх значных палітычных падзеяў. 25-га сакавіка было вялікае зьбіцьцё людзей, арышт, суды, і потым – колькі перасьледаў. Колькі зьбівалі моладзь, гэта – зьдзекваліся са сьвята беларусаў, са сьвята БНР, а вы пра гэта – ні слова. Гэта, відаць, не выпадкова, гэта, відаць, ваш погляд на падзеі ў Беларусі. Я думаю, што вы ня маеце права працаваць на такім радыё. Усяго добрага”.

(Слухач: ) (2) “Пачынайце перадачы пасьля 24-х гадзінаў, як было ў 1952-м годзе. Во паслухайце, як хрыпіць “Свабода” на беларускай мове. [дэманстрацыя хрыпеньня]. А Кітай нармальна гаворыць”.

(Слухач: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Як ужо надакучыла і раздражняе гэтая аданабаковая інфармацыя, як афіцыйных крыніц, так, на жаль, і радыё. Дый газэты таксама – тая ж “Народная воля”. Сёньня раніцою, вось, паведамілі пра тэрміны захоўваньня пратаколаў, бюлетэняў па рэфэрэндуму. Ну чаму ж не ўставіць адно слоўца – сказаць, як будуць захоўвацца бюлетэні па выбарах дэпутатаў? Атрымоўваецца нейкая аднабаковая інфармацыя, і яна ня толькі раздражняе – чалавек страчвае цікавасьць да такой аднабокай інфармацыі. Замест таго, каб шукаць зь іншых крыніц нешта, ён увогуле траціць усялякі інтарэс да такой інфармацыі, і займаецца сваімі справамі. Дык што, вы гэтага дабіваецеся? Дзякуй”.

(Прыхільніца сапраўдных сяброў БНФ: ) “У нас у Маладэчна супрацьстаяць дыктатуры два кандыдаты ў дэпутаты – Аляксей Кароль і Эдвард Баланцук, незалежнік, дзякуй Богу. Трэцюю кандыдатуру ад БНФ, відаць, кандыдатура задавальняе – яна і ва ўлётках, і публічна супраць яе не выступае, пра рэфэрэндум – ня слова. Дабіваецца адчыніць у Маладэчна нейкі ўнівэрсытэт, цягне выбарцаў убок ад “Пяцёркі плюс”. Хачу спытаць у Вінцука Вячоркі: дык зь кім вы, спадар, і як даўно? Пабойцеся Бога!”

(Жыхар Менску: ) “Сёньня на ўсёй шкале радыё прыёмніка “Свабоды” на беларускай мове не было. Добра трансьлявалася на расейскай і ўкраінскай мовах. Пры паведамленьні пра мітынг у Менску ў “Свабоды” па-расейску адразу ж зьявіліся памехі, размову Бухвостава й Лябедзькі практычна заглушылі. А калі скончылася перадача пра мітынг у Менску – нармальна стала гучаць “Свабода” па-расейску. Беларуская “Свабода”! Не хлусіце, што вас ня глушаць! Праўда перамагла Савецкі Саюз, сацыялізм, Варшаўскі пакт – пераможа яна і гэты рэжым. Ня бойцеся гаварыць праўду”.

(Спадар: ) “Дзень добры, шаноўнае панства. Я хачу зьвярнуцца да прагрэсіўных людзей Расеі. Хіба вы ня бачыце, што ваша краіна ператвараецца ў такую ж дыктатарскую галотную краіну, як і Беларусь? Беларусь была для вашага КДБ выпрабавальным палігонам. Нічога добрага ў тым, што творыцца ў Беларусі, няма і быць ня можа. Губэрнатары прызначаюцца, страшная вакол карупцыя, ніякага прасьвету – адно бяспраўе, прыпіскі й хлусьня. Наша краіна хоць маленькая, кампактная – а вы ўявіце, што будзе тварыцца ў вас, у Расеі. І заўважце – усё тое, што творыцца ў беларускай уладзе й СМІ, усё тое пачынае адбывацца і ў Расеі. Я бачу, што пакрысе шматлікія расейскія журналісты і палітыкі ператвараюцца ў такіх жа халуёў, хлусаў, як і дзяржжурналісты ў Беларусі. Я думаю, што такую Расею чакае распад. Памятаеце, некалі ў Расею прыяжджаў вялікі сьпявак і кампазытар Пал Макартні, з легендарнага гурта “Бітлз”, і прэзыдэнт Расеі на сустрэчы зь ім сказаў цудоўныя словы, што “я, як і многія прагрэсыўныя людзі СССР, слухаў гурт “Бітлз”, і што “для ўсіх нас “Бітлз” быў як глыток свабоды”. І прэзыдэнт папрасіў Пола Макартні сыграць усім любімую тэму “Let It Be”. Дык вось, пасьля ўсіх гэтых падзеяў у Расеі – усіх, якія адбыліся – я ўжо ня веру, што прэзыдэнт Расеі калісьці слухаў легендарны гурт “Бітлз”. Дзякуй за ўвагу”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (9) “Я толькі што зь вялікай цікавасьцю скончыў запісваць на магнітафон радыёперадачу, у якой прымалі ўдзел Юры Дракахруст і галоўныя рэдактары газэт Павал Якубовіч і спадар Дынько. Дужа добра, што вы пачалі запрашаць тых, каго трэба – то бок, сапраўды спэцыялістаў. То бок, ня так істотна, што яны не эканамісты, бо, у любым выпадку – гэта сур’ёзныя людзі. Таму я зьвяртаюся зараз асабіста да паважанага мною спадара Лукашука, дырэктара беларускага “Радыё Свабода”, з просьбай запрасіць на такую ж перадачу такіх жа спэцыялістаў у галіне эканомікі, у прыватнасьці – былога кіраўніка Дзяржбанка Беларусі. Зараз ён балятуецца ў дэпутаты, прозьвішча яго вам вядомае. Трэба было б абмеркаваць наступствы прынятага Акта, накіраванага, на маю думку, супраць усіх народаў, што насяляюць Беларусь”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (10) “Я вырашыў яшчэ пару словаў сказаць. Размова ішла пра спадара Станіслава Багданкевіча, былога кіраўніка Дзяржбанка Беларусі – яго проста неабходна запрасіць, каб разгледзець эканамічныя, сацыяльна-эканамічныя, шкодныя для беларускага народа і краіны, наступствы гэтага Акта амэрыканцаў – калі ён будзе зацьверджаны прэзыдэнтам. Таму што эўрапейцы могуць “узяць пад казырок”, некаторыя краіны й фірмы нават і возьмуць. Каго яшчэ можна было б запрасіць? У Беларусі ёсьць буйныя спэцыялісты – напрыклад, ва ўнівэрсытэце, дэкан эканамічнага факультэта, дый артыкулы спадара Раманчука таксама дужа сур’ёзныя, таксама можна было б запрасіць, хоць я накіраваў шэраг лістоў наконт яго апублікаваных артыкулаў у “Беларускую газэту”. Ёсьць каго запрасіць – давайце працягнем гэтую справу, каб, так бы мовіць, з расплюшчанымі вачыма ўсе бачылі. Дзякуй, усяго найлепшага”.
XS
SM
MD
LG