Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскія футбалісты возьмуць за рукі дзяцей Чарнобыля


Алег Грузьдзіловіч, Менск 13 кастрычніка ў італьянскім горадзе Парма пройдзе адборачная гульня чэмпіянату сьвету па футболе паміж зборнымі Беларусі й Італіі. Італьянскіх футбалістаў выведуць на поле беларускія дзеці з раёнаў, якія пацярпелі ад Чарнобыля.

“Трыццаць тысячаў “дзякуй” за трыццаць тысячаў усьмешак дзяцей Чарнобыля”. Такі плякат сёньня зьявіцца на трыбунах пармскага стадыёну “Тардзіні”, дзе адбудзецца футбольная сустрэча зборных Італіі й Беларусі. Чарнобыльскі акцэнт гэтай гульні будзе нават больш выразным: італьянскіх футбалістаў выведуць на поле беларускія дзеці, якія зараз адпачываюць ў сонечнай Італіі. Гэта за іхныя ўсьмешкі ўдзячная Беларусь Італіі.

У Італіі дзейнічае ўсяго некалькі дзесяткаў дабрачынных арганізацыяў дапамогі беларускім дзецям. Яны аб’яднаныя ў Фэдэрацыю, і менавіта гэтая Фэдэрацыя разам з пармскай арганізацыяй “Дапамога дзецям Беларусі” сталі ініцыятарамі такога незвычайнага адкрыцьця футбольнага матчу між зборнымі дзьвюх краінаў. Сцэнар цалкам падтрымала футбольная грамадзкасьць Італіі і ўлады краіны, паведаміў Радыё Свабода аташэ ў пытаньнях культуры італьянскай амбасады ў Беларусі Андрэа Лёмэа.

(Лёмэа: ) “Італія штогод прымае 30 тысяч дзяцей зь Беларусі й гэтым адкрыцьцём гульні дэманструе салідарнасьць з усімі дзецьмі Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыля”.

А ці не шкодзіць спорту ўвага афіцыйных структураў, і як Беларусь у гэтым сэнсе адрозьніваецца ад Італіі? Гэтае пытаньне я задаў актывісту беларускай маладзёвай арганізацыі “Зубр” Алесю Атрошчанкаву. Хлопец – вялікі заўзятар беларускай каманды і сам гуляе ў футбол. Ён лічыць, што італьянцы робяць слушна, калі выкарыстоўваюць папулярнасьць спорту ў гуманітарных мэтах. Паводле Аляксандра Атрошчанкава, падыход беларускіх ўладаў адрозьніваецца:

(Атрошчанкаў: ) “У нашай краіне спорт, і ў прыватнасьці футбол, часам занадта палітызаваныя. Мы ўсе памятаем выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, зь якіх вынікала, што гэта ледзь ня ён заваяваў ўзнагароды, якія беларусы прывезьлі з Алімпіяды. А футбол ня можа быць чыёйсьці палітычнай афішай. Гэта проста сьвята. Гэта гульня 22 хлопцаў, якія гуляюць такім чынам, што за імі сочаць мільёны. Футбол належыць усяму чалавецтву”.

А як паставіліся да ініцыятывы італьянцаў бацькі дзяцей, якія адпачываюць у Італіі? Паліна, дзесяцігадовая дачка Ігара Кажана з Гомелю ўжо двойчы адпачывала ў Флярэнцыі, і за гэта ейны бацька вельмі ўдзячны яе італьянскім апекунам.

(Ігар: ) “Я ім вельмі ўдзячны за дапамогу, якую яны аказваць дзецям Чарнобыля. На жаль, асабіста падзякаваць не магу, але буду з удзячнасьцю сачыць за матчам Беларусь-Італія й падтрымліваць абедзьве каманды”.

Дарэчы, паводле футбольнай статыстыкі, апошняя гульня зборнай Беларусі зь італьянцамі на іхным полі скончылася нічыёй 1-1.
XS
SM
MD
LG