Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці забароняць у Беларусі аборты?


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд беларускага друку

“Комсомольская правда в Беларуси” піша пра ўчорашні пажар на станцыі мэтро “Магілёўская” ў Менску. Каля сёмай гадзіны раніцы на станцыю падалі цягнік, адзін з вагонаў якога ўжо гарэў. Давялося эвакуяваць з мэтро больш за паўтысячы чалавек, ніхто зь людзей не пацярпеў. Пажар хутка патушылі, хоць рух на станцыі давялося спыніць на цэлую гадзіну. Пакуль афіцыйнай прычынай здарэньня лічыцца кароткае замкненьне ў чацьвёртым вагоне цягніка.

Ці забароняць у Беларусі аборты? На сустрэчы Філярэта з Лукашэнкам гэтая тэма абмяркоўвалася, прычым галава беларускага праваслаўнага духавенства прасіў зьвярнуць увагу на абарону права на жыцьцё ненароджаных дзяцей, бо праблема абортаў набыла пагрозьлівы характар. Што мітрапаліт меў на ўвазе, пакуль не зусім зразумела. Але адначасова інфармацыйныя агенцыі перадалі словы галоўнага акушэра-гінэколяга краіны Вольгі Перасады пра тое, што ў хуткім часе, магчыма, на аборт будзе патрэбная згода мужа. Падрабязнасьці можна прачытаць у сёньняшняй “Камсамолцы”.

“Вечерний Бобруйск” расказвае пра тое, як на мясцовы завод трактарных дэталяў ды агрэгатаў завітаў сам старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура. Губэрнатар казаў пра эканоміку, пра тое, што Магілёўшчына апошнім часам вельмі ўзьнялася ва ўсіх адносінах, але збольшага ён заклікаў працоўны калектыў сказаць на рэфэрэндуме “так”.

Ваўкавыская “Местная газета” апавядае пра пяцігадовы юбілей польскамоўнай восьмай сярэдняй школы, у якой усе цалкам прадметы выкладаюцца па-польску, працуюць там нават настаўнікі з Польшчы. Ходзяць у гэтую школу пераважна этнічныя палякі, і большасьць сёлетніх выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы суседняй краіны. Але ёсьць і тыя, хто пасьпяхова працягвае адукацыю ў Беларусі.

А на сьветлагорскім аб’яднані “Хімвалакно” абіралі першую прыгажуню, паведамляе газэта “Ранак-плюс”. Кандыдатак на гэты тытул было шэсьць, але каб перамагчы, дзяўчаты павінны былі прадэманстраваць самыя розныя таленты й здольнасьці: прадэфіляваць па подыюме, прачытаць напамяць верш, паказаць сябе ў мастацтве дызайну й г.д. Усяго на конкурсе было сем этапаў, і праз гэтыя выпрабаваньні прайшла дваццацігадовая Елізавета Шчэмялініна, якая працуе швачкай на вытворчасьці тавараў народнага спажываньня аб’яднаньня “Хімвалакно”. Ну а за ўсе конкурсныя пакуты й хваляваньні дзяўчыне далі пуцёўку ў санаторый-прафілякторый “Серебряные ключи”. Вось так ацанілі прыгажосьць у Сьветлагорску.
XS
SM
MD
LG