Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню гомельскага БХК будуць судзіць за распаўсюджаньне інфармацыйнага бюлетэня аб рэфэрэндуме


Казімір Яноўскі, Гомель Сёньня адмысловая камісія Адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомеля маецца разгледзець міліцэйскі пратакол пра парушэньне старшынём рэгіянальнай арганізацыі Беларускага Хэльсынскага Камітэту Алесем Яўсеенкам артыкулу 172 Адміністрацыйнага кодэксу – распаўсюд друкаваных вырабаў, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне ўрону дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку.

Добра вядома, што Беларускі Хэльсынскі Камітэт сам адсочвае розныя парушэньні ў сфэры правоў чалавека. Што ж такога асаблівага парушыў гомельскі прадстаўнік БХК? Прынамсі, гэтак лічаць міліцыянты Чыгуначнага райаддзелу – і, магчыма, тыя, хто іх пасылаў.

Старшыню рэгіянальнага аддзяленьня БХК Алеся Яўсеенку міліцыянты затрымалі 6 кастрычніка разам з кіроўцам мікрааўтобуса, калі ён суправаджаў даволі вялікі наклад інфармацыйных бюлетэняў. Распавядае сам спадар Яўсеенка:

(Яўсеенка: ) “Гэта быў спэцвыпуск Грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”. Гэта не арганізацыя, гэта – ініцыятыва дзеля стварэньня арганізацыі. Яны на свае сродкі, на сваёй тэхніцы выдалі гэтыя бюлетэні. У выходных дадзеных гэта напісана. Гэты нумар прысьвечаны абвешчанаму рэфэрэндуму. Там у артыкулах рабіліся спасылкі на Канстытуцыю, на Выбарчы кодэкс, што не правамернае вынясеньне пытаньня аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Артыкулы былі таксама прысьвечаныя тэмам: што такое рэфэрэндум, хто ёсьць ягоным ініцыятарам і якім сынам могуць быць адменены вынікі ўжо праведзенага рэфэрэндуму. Чыста “лікбезаўскі” матэрыял”.

Як бачым, прадстаўнікам улады бюлетэнь аказаўся непатрэбным. Міліцыя сама накіравала дакумэнты затрыманьня ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну, бо ў падобных справах адміністрацыйныя пратаколы могуць складаць толькі ўпаўнаважаныя на тое людзі. Гаворыць Алесь Яўсеенка:

(Яўсеенка: ) “Позва прыйшла мне на сёньня, на 15-ю гадзіну. Будзе разглядацца гэтая справа ў адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Інкрымінуецца 172 артыкул Адміністрацыйнага кодэксу – распаўсюд літаратуры, зьмест якой накіраваны на прычыненьне ўрону дзяржаве, дзяржаўнаму ладу”.

(Карэспандэнт: ) “А як, скажыце, можна кансультацыяй прычыніць нейкую шкоду дзяржаве, дзяржаўнаму ладу?”

(Яўсеенка: ) “Наадварот, сказалі б “дзякуй”. Людзі ж ня ведаюць, што такое рэфэрэндум, навошта ён бывае? І як сябе ў гэтай сытуацыі паводзіць? Тут літаратура такога зьместу, можна пачытаць было б. Дарэчы, работнікі міліцыі ўзялі па нумару сабе пачытаць”.

Спадару Яўсеенку за бюлетэні пагражае буйны штраф з канфіскацыяй друкаваных бюлетэняў.
XS
SM
MD
LG